Міністар унутраных справаў У. Навумаў патрабуе дэпартаваць расейскага журналіста за “неаб’ектыўнае” асьвятленьне акцыі пратэсту

Юры Дракахруст, Прага Сёньня ўвечары міністар унутраных справаў Уладзімер Навумаў выступіў па трох беларускіх тэлеканалах з заявай наконт асьвятленьня сёньняшняй апазыцыйнай акцыі расейскай тэлекампаніяй РТР.
Паводле Навумава колькасьць удзельнікаў акцыі ў сюжэце журналіста РТР была завышаная. Маскоўскі карэспандэнт тэлекампаніі Дзьмітры Пятроў, які адмыслова прыехаў для асьвятленьня акцыі, сказаў, што яна была самай масавай за апошні год, паводле яго ў ёй узялі ўдзел от 2 до 4 тысячаў чалавек.

У сюжэце расейскага каналу былі паказаныя сцэны зьбіцьця дэманстрантаў на праспэкце Скарыны.

Міністар паведаміў, што міністэрства зьвернецца ў МЗС з просьбай пазбавіць гэтага расейскага журналіста акрэдытацыі ў Беларусі.

Паводле Навумава ў акцыі ўдзельнічала ўсяго 150 чалавек. Ён паабяцаў запрасіць журналіста ў МУС, паказаць яму тэхнічную стужку запісу акцыі. “Калі ён налічыць 300 чалавек, мы публічна прынясем прабачэньне, калі не – ён будзе дэпартаваны” – заявіў міністар Навумаў.

Калі гэта адбудзецца, спадар Пятроў стане ня першым журналістам расейскай тэлекампаніі, выдаленым зь Беларусі за “неаб’ектыўнае” з пункту гледжаньня ўладаў асьвятленьне падзеяў.

У 1997 годзе быў пазбаўлены акрэдытацыі і дэпартаваны карэспандэнт НТВ Аляксандар Ступнікаў, у тым жа годзе быў пазбаўлены акрэдытацыі і нават патрапіў за краты карэспандэнт ОРТ Павал Шарамет, летась за асьвятленьне пахаваньня Васіля Быкава быў дэпартаваны з Беларусі карэспандэнт НТВ Павал Селін.