Пераможцы конкурсу “Мая Свабода” на Свабодзе

Алена Ціхановіч, Прага “Для мяне пакуль адзіная мажлівасьць свабоды – беларуская мова”. Гэтак азначыў сваю сучасную тэрыторыю вольнага духу дзевятнаццацігадовы студэнт Валянцін Бойка – адзін зь пераможцаў конкурсу “Мая Свабода”, які да свайго 50-гадовага юбілею праводзіла беларуская рэдакцыя Радыё Свабода.
Журы конкурсу вызначыла шэсьць найлепшых лістоў канкурсантаў. Гран-пры – пуцёўку ў Прагу – атрымаў прафэсар зь Менску Мікола Савіцкі. Яшчэ пяць ляўрэатаў былі запрошаныя ў Менск і атрымалі падарункі і прызы – кароткахвалёвыя прымачы.

На працягу гэтага і наступнага тыдня мы больш падрабязна пазнаёмімся зь ляўрэатамі нашага конкурсу. У панядзелак, сераду і пятніцу ў нашым эфіры будуць гучаць іх эсэ ў аўтарскім выкананьні, а таксама кароткія інтэрвію зь імі.

Першым, паводле альфабэту, сваё эсэ на Свабоду прачытае студэнт Мазырскага ўнівэрсытэту Валянцін Бойка (19 ліпеня, эфір а 19-й, 21-й і 23-й гадзінах).

Наступных аўтараў вы пачуеце: Міхася Булавацкага – 21 ліпеня, Алеся Квіткевіча – 23 ліпеня, Алену Лягун – 26 ліпеня, Галіну Сініцыну – 28 ліпеня і пераможцу, Міколу Савіцкага – 30 ліпеня (час той самы).



На здымку: ляўрэаты сабраліся ў Менску. Зьлева направа: Міхась Булавацкі з Магілёву, Галіна Сініцына з Воршы, Мікола Савіцкі зь Менску, Алена Лягун зь Пінску, у другім шэрагу: член журы конкурсу, старшыня беларускага ПЭН-цэнтру Лявон Баршчэўскі, Алесь Квіткевіч зь Менску і Валянцін Бойка з Мазыра.