Польскі Сэйм выступае за захаваньне правоў чалавека ў Беларусі

Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Камісія ў замежных справах польскага Сэйму ўхваліла рэзалюцыю, у якой выступае супраць парушэньняў палітычных правоў грамадзянаў Беларусі. Пазыцыю камісіі падтрымаў намесьнік міністра замежных справаў Польшчы.
“Нас усё больш непакояць паведамленьні пра ўзмацненьне рэпрэсіяў і абмежаваньняў, скіраваных супраць дэмакратычнай апазыцыі ў Беларусі”, – гаворыцца ў рэзалюцыі, якую сябры Камісіі ў замежных справах Сэйму ухвалілі аднагалосна.

Рэзалюцыя была ўнесеная ў парадак дня працы камісіі пасьля таго, як стала вядома пра намер афіцыйнага Менску зьліквідаваць Беларускую партыю працы.

Аўтар рэзалюцыі, дэпутат Сэйму ад партыі “Закон і справядлівасьць” (Prawo i Sprawiedliwość) Марэк Юрэк упэўнены, што напярэдадні парлямэнцкіх выбараў беларускія ўлады імкнуцца зьліквідаваць усе апазыцыйныя партыі, якія яшчэ ў Беларусі дзейнічаюць, а перасьлед Партыі працы ёсьць толькі пачаткам гэтага працэсу.

(Юрэк: ) “Мы даведаліся, што партыі, якія ўваходзяць у кааліцыю “Пяцёрка плюс”, атрымалі папярэджаньні аб магчымай дэлегалізацыі іхнай дзейнасьці. У такой сытуацыі Польшча ня можа заставацца ў баку, тым больш што гаворка ідзе пра вельмі блізкую нам краіну”.

У рэзалюцыі гаворыцца таксама, што камісія “лічыць неабходным, каб польская дыпляматыя прыкладала ўсе намаганьні ў справе абароны апазыцыйных арганізацыяў і асобных актывістаў, якіх перасьледуюць беларускія ўлады”. Акрамя гэтага, у дакумэнце падкрэсьліваецца, што пытаньні парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі павінны больш актыўна ўздымацца ў Эўрапейскім Зьвязе, Радзе Эўропы і АБСЭ.

(Юрэк) “Падставовыя свабоды, якія завуць правамі чалавека гэта частка міжнароднага заканадаўства. Краіна дае абавязацельства, што будзе іх забясьпечваць і павінна гэта рабіць. Таму мы маем поўнае права запытацца ў нашых суседзяў, як у іх выглядае сытуацыя з правамі чалавека. Міністэрства замежных справаў Польшчы ўжо працуе ў гэтым накірунку, а цяпер, пасьля рашэньня камісіі Сэйму, мяркую, будзе зоймецца гэтым яшчэ больш актыўна”, – адзначыў Марэк Юрэк.

Дарэчы ў паседжаньні Камісыі ў замежных справах браў удзел намесьнік міністра замежных справаў Польшчы Ян Трушчыньскі, які цалкам пагадзіўся са зьместам рэзалюцыі.