Апытаньне на менскіх вуліцах: ці можа Беларусь пражыць без прэзыдэнта?

Севярын Квяткоўскі, Менск Адны лічаць, што беларусы не дасьпелі да дэмакратычнага кіраваньня, і таму краіне патрэбная моцная рука. Іншыя лічаць, што з той жа прычыны – нясьпеласьці грамадзянскай супольнасьці – Беларусі патрэбная парлямэнцкая рэспубліка. Цікава, што адказы пераважна не залежаць ад стаўленьня да асобы дзейнага прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі.
(Карэспандэнт: ) “Ці можа Беларусь пражыць без прэзыдэнта?”

(Cпадар: ) “Канечне, можа. Па-мойму, прэзыдэнт – ён толькі 10 гадоў жыве, а дагэтуль жылі пасьпяхова й без прэзыдэнта. А ў прынцыпе ў Беларусі павінна быць улада больш дэмакратычная – парлямэнцкая рэспубліка”.

(Юнак: ) “Мне асабіста ўсё адно. Гэта нічога для мяне асабіста ня зьменіць. Я глыбокі індывідуаліст”.

(Маладзён: ) “Мабыць, можа. Можа”.

(Спадар: ) “Я думаю, што гэта цалкам магчыма”.

(Юнак: ) “Мяркую, што без канкрэтнага – можа, а ўвогуле – не. Нам патрэбны сам па сабе прэзыдэнт, але ня факт, што менавіта той, які ёсьць. У нас людзі слабыя ў самакіраваньні, ім наперадзе патрэбная нейкая моцная асоба”.

(Спадар: ) “У краіне павінен быць нейкі чалавек, які будзе каардынаваць усё жыцьцё ў рэспубліцы”.

(Маладзён: ) “Я думаю, што можна добра жыць і з прэзыдэнцкай уладай”.

(Спадар: ) “Гледзячы які прэзыдэнт. Безь цяперашняга – можа, я лічу. Іншы будзе – будзе ня горшы за яго”.

(Спадар: ) “Лічу, што можа быць. Калі ёсьць пэўная культура нацыі. Вось яна ўсё і вызначае”.

(Карэспандэнт: ) “Скажыце, ці можа Беларусь пражыць без прэзыдэнта?”

(Спадарыня: ) “Не, ня можа. На мой погляд, ня можа”.

(Іншыя спадарыня: ) “Гэта богаўгодны прэзыдэнт”.

(Спадарыня: ) “Усялякая ўлада ўгодная Богу, тут людзі павінны самі ўмець падпарадкоўвацца, па-мойму, мы гэтаму не навучыліся. У нас таксама ёсьць штосьці накшталт парлямэнту, які павінен рэгуляваць”.

(Спадарыня: ) “А як гэта можна без прэзыдэнта?”

(Спадары: ) “Вельмі проста”.

(Спадар: ) “Прэзыдэнт нашай рэспубліцы непатрэбны. Народ не гатовы для гэтай дэмакратыі, на 100 %. Калі чалавек ірвецца ў прэзыдэнты, ня маючы на гэта маральных, этычных, адукацыйных правоў, дык такіх прэзыдэнтаў лепей каб ніколі не было”.

(Хлопец: ) “Бяз нашага цяперашняга? Хай будзе іншы, таксама будзе цікава”.

(Карэспандэнт: ) “Ці можа Беларусь пражыць без прэзыдэнта?”

(Спадарыня: ) “Я думаю, што, мабыць, не”.

(Карэспандэнт: ) “Чаму?”

(Спадарыня: ) “Усё адно, павінен жа быць нейкі кіраўнік. Наш прэзыдэнт нас задавальняе. Час пакажа, што там будзе далей”.