Арганізатары акцыі 21 ліпеня спадзяюцца, што ўлады ня будуць ўжываць рэпрэсіі да ейных удзельнікаў

Альгерд Невяроўскі, Менск 21 ліпеня ў Менску мае адбыцца грамадзянская акцыя з нагоды 10-годзьдзя кіраваньня Беларусьсю Аляксандрам Лукашэнкам. Арганізатарамі гэтай сустрэчы з выбарцамі сталі дэпутаты групы “Рэспубліка”, а таксама шэраг вядомых у Беларусі людзей. Як вядзецца падрыхтоўка да акцыі й ці возьмуць у ёй удзел палітычныя партыі?
Арганізатары акцыі дэпутаты Ўладзімер Парфяновіч, Сяргей Скрабец, Валер Фралоў, а таксама Ірына Красоўская, Уладзімер Колас і Мікіта Сасім днямі атрымалі дазвол на правядзеньне сустрэчы з выбарцамі. Але шэсьце дазволена ня з плошчы Якуба Коласа, як прасілі арганізатары, а з вуліцы Карастаянавай да плошчы Бангалор. Я спытаўся ва Ўладзімера Парфяновіча, што ў гэтай сытуацыі будуць рабіць арганізатары? Вось што ён адказаў.

(Парфяновіч: ) “На плошчы Бангалор будзе канцэрт. А ўсе іншыя мерапрыемствы – паводле пляну. Усе карты сёньня раскрываць ня варта. Дазволілі збор удзельнікаў на Карастаянавай, а тут прайшла інфармацыя, што збор будзе на плошчы Я.Коласа. Адтуль людзі пойдуць у бок Бангалор. Я нікога нікуды не заклікаю. Людзі прыйдуць туды, куды ім падкажа сэрца”.

Асноўныя ж мерапрыемствы будуць на плошчы Бангалор. Мы дамагліся гэтага дазволу й спадзяёмся, што ніхто з нашых грамадзян ня трапіць пад дубінкі, а ўладам хопіць сумленьня гэтага не зрабіць”.

Акрамя дэпутатаў групы “Рэспубліка”, акцыю 21 ліпеня рыхтуюць актывісты шэрагу грамадзкіх арганізацый ды ініцыятываў. Апазыцыйныя партыі фактычна ўдзелу ў акцыі браць ня будуць. Паводле намесьніка старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Аляксандра Дабравольскага, АГП абмяжуецца толькі інфармацыйнай падтрымкай акцыі.

(Дабравольскі: ) “Мы раздамо шмат інфармацыйнага матэрыялу пра вынікі 10-гадовага кіраваньня Лукашэнкам краінай і пра тое, што ёсьць альтэрнатыва, што ёсьць магчымасьць ісьці наперад, у будучыню. Гэта асноўная ідэя, якую мы хочам данесьці да людзей. Ну, і паведамім, што 21 ліпеня з гэтай нагоды будзе такое мерапрыемства”.

А намесьнік старшыні БНФ Віктар Івашкевіч гаворыць, што ў часе выбарчай кампаніі нельга “падстаўляць” партыю пад рэпрэсіі ўладаў.

(Івашкевіч: ) “Агульная пазыцыя партыяў такая: мы вітаем ініцыятыву дэпутатаў групы “Рэспубліка” й грамадзкіх арганізацыяў, якія ладзяць гэтую акцыю. Мы не перашкаджаем нашым людзям браць удзел у гэтай акцыі – у тым фармаце, у якім яны захочуць. Але афіцыйнага рашэньня пра ўдзел нашай партыі ў гэтым мерапрыемстве мы не прымаем. Каб не “падстаўляць” партыю пад папярэджаньні Мінюсту й зьліквідаваньне. А таксама, каб не “падстаўляць” партыю й кандыдатаў, якія ўдзельнічаюць у выбарчай кампаніі, мы не рэкамэндуем нашым кандыдатам удзельнічаць у несанкцыянаваным фармаце акцыі”.

Дэпутат Прафяновіч, паміж іншага, лічыць, што партыям трэба больш дакладна засьведчыць сваю пазыцыю ў справе акцыі 21 ліпеня. Магчыма, пазыцыя партыяў стане больш зразумелай пасьля паседжанььня аргкамітэту акцыі, прызначанага на 17 ліпеня.