Расея абвесьціла сябе адзінай правапераемніцай на выраб “Савецкага шампанскага”

Міхал Стэльмак, Менск Фэдэральная служба інтэлектуальнай уласнасьці Расеі 7 ліпеня прыняла рашэньне, паводле якога выключнае права на валоданьне таварным знакам “Савецкае” ў дачыненьні да шампанскіх він належыць расейскаму дзяржаўнаму прадпрыемству “Саюзплодаімпарт”. Адгэтуль у Расеі можа прадавацца толькі расейскае “Савецкае шампанскае”. Як адаб’ецца гэта на беларускіх вытворцах і экспартэрах шампанскага?
Расея абвесьціла пра манаполію на таварны знак “Савецкае шампанскае”. Вось што сказаў на гэты конт нашаму радыё афіцыйны прадстаўнік расейскага дзяржаўнага прадпрыемства “Саюзплодаімпарт” Уладзімер Ухваценка:

(Ухваценка: ) “Таму што даказана судом, што гэты таварны знак спакон веку належаў “Саюзплодаімпарту” яшчэ ў час СССР. Тыя заводы, якія вырабляюць шампанскае, яны мусяць браць ліцэнзію ў фэдэральнага дзяржаўнага прадпрыемства”.

Паводле расейскага боку, адзінай правапераемніцай колішняга савецкага “Саюзплодаімпарту”, які месьціўся ў Маскве, ёсьць Расея. У гэтай сувязі дырэктар цяперашняга расейскага “Саюзплодаімпарту” Ўладзімер Логінаў паабяцаў змагацца з імпартам “Савецкага шампанскага” зь іншых постсавецкіх краінаў. У Беларусі “Савецкае шампанскае” вырабляе Менскі завод ігрыстых вінаў. Вестка пра манапалізацыю расейцамі гэтага шырокавядомага брэнду ўстрывожыла яго кіраўніцтва. Гаворыць кіраўніца юрыдычнай службы гэтага прадпрыемства Ала Кічкайла:

(Кічкайла: ) “У любым выпадку, калі гэта ўсё ўзаконена, будуць нейкія праблемы. Бо мы экспартуем туды сваю прадукцыю. За гэта будуць браць нейкія адлічэньні. Расейцы — малайцы, бо яны падтрымліваюць свайго таваравытворцу. Мы таксама зьвярталіся ў сваё патэнтнае ведамства, хацелі зарэгістраваць гэты таварны знак, але нам летась адмовілі. Паспрабуем падаць паўторна. Мы давалі на “Савецкае ігрыстае”, цяпер паспрабуем на “Савецкае” даваць”.

Расейская ініцыятыва атрымала розгалас і ў сьценах беларускага патэнтнага ведамства. Як паведаміў мне начальнік упраўленьня таварных знакаў Нацыянальнага цэнтру інтэлектуальнай уласнасьці Яўген Зінкевіч, яна будзе абмеркаваная на сумеснай сустрэчы зь беларускімі вінаробамі.