Цытаты мінулага – 7 ліпеня

Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Беларуская прэса розных гадоў 7 ліпеня.
“Минские губернские ведомости”, 1884 год:

“Пінская Гарадзкая Дума, у паседжаньні 4-га Траўня, з нагоды паўналецьця, у дзень 6-га Траўня, яго імпэратарскай высокасьці гасудара нашчадка цэсарэвіча Мікалая Аляксандравіча, пастанавіла: 1. Паднесьці ўстаноўленым чынам яго імпэратарскай высокасьці гасудару нашчадку цэсарэвічу Мікалаю Аляксандравічу ад жыхароў гораду Пінску адрас з выказваньнем вернападданскіх пачуцьцяў, адданасьці і віншаваньняў з днём паўналецьця. 2. Адпусьціць з гэтае нагоды: а). дапамогу чатыром багадзельням на 15 руб. б). на паляпшэньне ў 6 дзень Траўня ежы мясцовым ніжнім чынам 27 руб.50 кап. і арыштантам 7 руб.50 кап. і 3). асыгнаваць 25 руб. на ўпрыгожваньне будынку Гарадзкога Ўпраўленьня сьцягамі і на ўладкаваньне ў ім ілюмінацыі”.

“ЛіМ”, 1964 год. Пра новае ў кніжным гандлі:

“Перад тым, як паставіць гэты кніжны кіёск у цэнтры Мінска на рагу Ленінскага праспекта і вуліцы Энгельса, некаторыя кнігагандлёвыя работнікі выказвалі думку, што даваць назву кіёску не варта. Гэта дасць магчымасць прывозіць любую літаратуру, не толькі вершы. Занепакоенасць зразумелая: падобны кіёск — першы, па сутнасці, не толькі ў Мінску, але і ў рэспубліцы. І ўсё ж на шкляной сцяне з’явілася назва “Паэзія”… І сапраўды, каля кіёска заўсёды ёсць аматары паэзіі”.

“Могилевские ведомости”, 1994 год. Ягор Рыбакоў напярэдадні другога туру прэзыдэнцкіх выбараў:

“Учора ўрадавымі структурамі па рэспубліцы ажыцьцёўленая чарговая правакацыя. Па лініі ўрадавай сувязі ва ўсе выканкамы пачалі прыходзіць пакункі з улёткамі, сутнасьць якіх зводзіцца да ачарненьня Лукашэнкі і ўхваленьня Кебіча. І хоць улётка не зьмяшчае выходных зьвестак, няма сумневу, што гэтая правакацыя — справа рук каманды Кебіча… Такім чынам, выбары пад пагрозаю зрыву. Гэта адзінае выйсьце для каманды Кебіча, каб застацца ва ўладзе”.