Супрацоўнікі міліцыі мяркуюць, што на Фралова напалі звычайныя рабаўнікі

Алесь Дашчынскі, Менск Пракуратура Ленінскага раёна Менску ўзбудзіла крымінальную справу па факце нападу на дэпутата Палаты прадстаўнікоў Валерыя Фралова і ягонага кіроўцу. Справа заведзеная па артыкуле 206 частка другая (рабаваньне).
Як цьвердзіць міліцэйская зводка, 1 ліпеня ў 22.35 у Ленінскае раённае ўпраўленьне міліцыі зьвярнуўся генэрал Фралоў і заявіў, што паўгадзіны таму ў пад’езьдзе ягонага дома па Казарменным завулку група невядомых напала на яго і на кіроўцу. З выкарыстаньнем фізычнай сілы яны адабралі ў Фралова скураны партфэль, дзе было 200 даляраў, колькі кніг мастацкай літаратуры, асабістыя рэчы і ключы ад аўтамабіля. Сур’ёзных пашкоджаньняў пацярпелыя не маюць.

Супрацоўнікі міліцыі мяркуюць, што гэты напад ня можа быць кваліфікаваны як разбойнае нападзеньне. Зламысьнікі, відаць, хацелі проста напалохаць дэпутата і адабраць ягоныя рэчы. Пакуль міліцыя праводзіць папярэдняе расьсьледаваньне. Выконваючы абавязкі начальніка аддзела папярэдняга расьсьледаваньня Ігар Паўлючэнка адмовіўся паведамляць падрабязнасьці наконт гэтай справы.

Паводле начальніка ЖЭС №4 Аляксандра Лазарэвіча, дом па Казарменным завулку, 4, дзе жыве Валерый Фралоў, нікім не ахоўваецца. Апроч таго, там няма ніякай агароджы. Аднак на пад’ездах ёсьць мэталічныя дзьверы з дамафоннай сыстэмай, якія на момант злачынства былі абсалютна спраўныя. Ніхто ня ведае, як зламысьнікі маглі пранікнуць у пад’езд.

У доме разам з Фраловым жыве 38 дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, а таксама звычайныя грамадзяне. Усяго тут 144 кватэры. У пад’езьдзе, суседнім з пад’ездам Фралова, разьмешчаны офіс начальніка гатэльнага комплексу Анатоля Хамутова.

Паводле начальніка ЖЭСа, гэта першы выпадак, калі з дэпутатамі на Казарменным здарыўся падобны інцыдэнт, ніякіх іншых выпадкаў дагэтуль не было.

Тым часам, у прэс-службе Палаты прадстаўнікоў нічога ня ведаюць пра напад на дэпутата Валерыя Фралова і не зьбіраюцца рабіць прэс-рэліз з гэтай нагоды.