У Бабруйску пройдзе мітынг супраць трэцяга тэрміну Лукашэнкі

Марыя Ўсьціновіч, Бабруйск Бабруйскія дэмакраты атрымалі ад мясцовых уладаў дазвол на правядзеньне мітынгу ў абарону Канстытуцыі й супраць трэцяга прэзыдэнцкага тэрміну Аляксандра Лукашэнкі. Гэты мітынг арганізуюць бабруйскія прадстаўнікі народнай кааліцыі “5+”.
Выканаўчы камітэт Ленінскага раёну Бабруйску санкцыянаваў правядзеньне мітынгу 7 ліпеня, пасьля працоўнага дня на стадыёне “Фандок”.

Паводле словаў кіраўніка бабруйскай арганізацыі АГП Уладзімера Куртукова, месца правядзеньне мітынгу, якое мясцовыя актывісты называюць “рэзэрвацыяй”, знаходзіцца ў мікрараёне, аддаленым ад цэнтру Бабруйску. Аднак, падкрэсьліў спадар Куртукоў, арганізатары мітынгу прыкладуць намаганьні, каб прыцягнуць увагу жыхароў гораду. Дзеля гэтага бабруйцы маюць намер запрасіць на мітынг палітыкаў зь Менску.