У КГБ яшчэ на два месяцы працягнулі ўтрыманьне пад вартай Міхаіла Марыніча

Алег Грузьдзіловіч, Менск На такі ж тэрмін працягнутае расьсьледаваньне справы былога міністра. Адвакаты Міхаіла Марыніча ўжо заявілі, што будуць абскарджваць гэтае рашэньне ў судзе.
Пра тое, што Міхаілу Марынічу працягнулі ўтрыманьне ў сьледчым ізалятары КГБ, адвакат Вера Страмкоўская даведалася па тэлефоне ад сьледчага Скабцова, які вядзе гэтую справу. З матывацыяй сваіх дзеяньняў сьледчы прапанаваў азнаёміць адваката падчас сустрэчы ў КГБ, якая прызначаная на другую палову 25 чэрвеня.

Тым часам прэсавы сакратар КГБ Аляксандар Базанаў паведаміў, што Марыніча і будуць трымаць пад вартай у “амэрыканцы” яшчэ прынамсі два месяцы. Дакладнай фармулёўкі ён не назваў, але мяркуе, што яна будзе стандартная: “у сувязі з інтарэсамі сьледзтва”.

Вера Страмкоўская заявіла Радыё Свабода, што яе падабаронны наўрад ці пагодзіцца з утрыманьнем пад вартай і будзе абскарджваць гэтае рашэньне ў судзе. Ці пойдзе Міхаіл Марыніч на галадоўку, як раней папярэджваў кіраўніцтва КГБ, Вера Страмкоўская ня ведае. “Асабіста я супраць такой галадоўкі й паспрабую яго ў гэтым пераканаць”, — заявіла Вера Страмкоўская Радыё Свабода напярэдадні сустрэчы зь Міхаілам Марынічам. Пра вынікі іх размовы пакуль невядома.

Супраць галадоўкі й сваякі Міхаіла Марыніча. Старэйшы сын Павал лічыць, што ў ізалятары праводзіць такую акцыю небясьпечна.

(Павал Марыніч: ) “Яны ж маюць права прымусова карміць там, у ізалятары. Уліюць што-небудзь і спаляць увесь страўнік. Ці ўколюць нібыта якую глюкозу, і будзе, як з Карпенкам”, — казаў Павал Марыніч.

Яго, дарэчы, сёньня не пусьцілі на сутрэчу з бацькам, спаслаўшыся на тое, што ў ізалятары КГБ нібыта занятыя ўсе сьледчыя кабінэты.

Міхаіл Марыніч ужо два месяцы знаходзіцца пад вартай. Праваабаронцы і апазыцыйныя палітыкі ў Беларусі заяўляюць, што ягоная справа мае палітычныя прычыны. Яны нагадваюць , што былы міністар — не адзіны палітычны вязень у Беларусі. Больш за месяц у гарадзенскай турме паводле абвінавачаньня ў абразе прэзыдэнта Беларусі знаходзіцца лідэр гарадзенскіх прадпрымальнікаў Валер Леванеўскі. За паклёп на прэзыдэнта асуджаная на два гады зьняволеньня мянчанка Аксана Новікава. А даўжэй за ўсіх сядзіць за кратамі былы рэктар Гомельскага мэдычнага ўнівэрсытэту Юры Бандажэўскі, які быў арыштаваны больш за тры гады таму.