На кватэры генэрала Фралова будзе засядаць альтэрнатыўная выбарчая камісія

Алесь Дашчынскі, Менск Сёньня дэпутаты прынялі рашэньне спыніць галадоўку. За час галадоўкі Валеры Фралоў скінуў 11 кіляграмаў, Сяргей Скрабец — 14, а Ўладзімер Парфяновіч — 9 з паловай. Марына Багдановіч і Генадзь Ананьеў пасьпяхова пакінулі кватэру і не былі затрыманыя міліцыянтамі.
Міліцыянты не затрымалі галадоўнікаў Марыну Багдановіч і Генадзя Ананьева, якіх раней зьбіраліся прымусова даставіць у Ленінскі раённы суд Менску за спробу разгарнуць гарадок з намётаў у двары дому, дзе знаходзіцца кватэра Валерыя Фралова.

Пасьля таго, як галадоўнікі аб’явілі пра заканчэньне галадоўкі, Марына Багдановіч і Генадзь Ананьеў патэлефанавалі з балькону кватэры генэрала Фралова намесьніку начальніка міліцыі Ленінскага раёну, каб паведаміць, што яны выходзяць на вуліцу.

(Багдановіч: ) “Сяргей Мар’янавіч, паколькі ў нас скончылася галадоўка і Генадзю патрэбна выяжджаць дахаты, ён у нас чалавек законапаслухмяны, гэтак жа, як і я, папярэджвае, што праз гадзіну ён ужо зьявіцца на вуліцы. Калі ў вас заданьне прымусова даставіць нас у суд, то ён гатовы. А мне патрэбна дачку ўладкаваць, я прашу хаця бы да панядзелка разабрацца з дачкой, ёй 9 гадоў, патрэбна ў іншае месца яе ўладкаваць”.

Па тэлефоне міліцэйскі начальнік пацікавіўся станам здароўя Марыны Багдановіч.

(Багдановіч: ) “Мяне пазаўчора хуткая забрала, сэрца, патрэбна адлежацца, лекаў папіць. Але калі трэба, я ж разумею, я супраць закону ніколі не іду. Тым болей, я лічу, што я яго не парушала, гэтак жа, як і Генадзь. Спадзяюся, што суд гэтак і вырашыць”.

У двары да Марыны Багдановіч і Генадзя Ананьева міліцыянты не падышлі. Усе галадоўнікі паехалі дахаты, дзе пачнецца ня менш складаны працэс выхаду з галадоўкі. Перад ад’ездам з кватэры Валерыя Фралова яны сымбалічна выпілі сок, які загадзя падрыхтаваў з рознай садавіны і гародніны сябра АГП, доктар Уладзімер Чырвоненка.

(Чырвоненка: ) “Пачатак зроблены. Усё патрэбна рабіць паступова, трэба менш працаваць. Стомленасьць вельмі адчуваецца”.

За час галадоўкі Валеры Фралоў скінуў 11 кіляграмаў, Сяргей Скрабец — 14, а Ўладзімер Парфяновіч — 9 з паловай. Прыблізна такія ж лічбы ў шасьцёх сяброў АГП і БНФ, якія ўдзельнічалі ў палітычнай галадоўцы.

Гаспадар кватэры генэрал Фралоў сказаў, што неўзабаве здыме плякат з патрабаваньнямі з балькону, бо людзі, якія жывуць у дамах побач, мелі час зь імі пазнаёміцца. Паводле генэрала, ягоная кватэра застанецца асяродкам апазыцыі й тут будзе засядаць альтэрнатыўная Цэнтральная выбарчая камісія. А некаторых сябраў камісіі ён ужо ведае.

Працэс выхаду з галадоўкі Фралоў вывучаў па кнізе цягам пяці дзён і моцна чакаў, калі можна будзе выпіць соку ці чаго зьесьці. Фралоў не зьбіраецца адпачываць, хаця гэта яму рэкамэндуюць дактары, і выхад з галадоўкі будзе сумяшчаць з працай.

На бальконе ў Фралова засталіся яшчэ немалыя запасы пітной вады ў плястыкавых бутэльках, а на сьцяне, над канапай, плякат з надпісам “21 ліпеня”, на якім пакінулі аўтографы ўсе галадоўнікі.