Дэпутаты-галадоўнікі зьбіраюцца сустрэцца з выбарнікамі 22 чэрвеня

Алесь Дашчынскі, Менск Дэпутаты Валеры Фралоў, Сяргей Скрабец і Ўладзімер Парфяновіч разам з актывістамі АГП і БНФ будуць працягваць палітычную галадоўку. Сёньня яны прынялі зварот да грамадзянаў у сувязі з разглядам 22 чэрвеня ў Палаце прадстаўнікоў праекту закону аб дапаўненьнях у Выбарчы кодэкс. Дэпутаты запрашаюць выбарнікаў на сустрэчу зь імі 22 чэрвеня а 14-й гадзіне на плошчы Незалежнасьці ля Чырвонага касьцёлу.
Дэпутаты-галадоўнікі гатовыя прыйсьці на паседжаньне Палаты прадстаўнікоў 22 чэрвеня. Хаця Валеры Фралоў лічыць, што вынік вызначаны наперад:

(Фралоў: ) “Мне здаецца, скончыцца, як заўсёды ў такіх выпадках: і не прыняты будзе і не адхілены, а застанецца ў камісіі. Адным ня хопіць мужнасьці прыняць, другім ня хопіць мужнасьці адхіліць. І як заўсёды, усё застанецца ў балоце”.

Вельмі важнай ён лічыць сустрэчу з выбарнікамі, заплянаваную на 22 чэрвеня на плошчы Незалежнасьці:

(Фралоў: ) “Ці парадавацца разам ці пасумаваць, сябры, яны разам усё робяць: радуюцца і сумуюць, сьвяты спраўляюць. Будзе сустрэча зь сябрамі, і тады мы вырашым, што рабіць далей. Мы ня бачым іншага шляху, як рухацца наперад і патроху падымаць грамадзтва”.

У сувязі з тым, што давядзецца выступаць у Авальнай залі, змагацца за сваё патрабаваньне, ці зьбіраецца генэрал спыніць галадоўку да пасяджэньня палаты?

(Фралоў: ) “Я заўсёды быў трошкі ўпарты, і гэта неяк спрыяла працы. Таму я маю чатыры вышэйшыя адукацыі, таму і генэралам стаў, і дэпутатам, бо калі за нешта ўзяўся, пакуль не зраблю, не супакоюся”.

Галадоўнікаў наведаў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Навасяд:

(Навасяд: ) “Цяпер неабходна калегам выйсьці з галадоўкі. Ад таго, што галадоўка скончыцца летальным вынікам, нікому добра ня будзе. Таму павінна быць прынятае рашэньне наконт працягу галадоўкі”.

Сяргей Скрабец не выключае магчымасьці спыненьня палітычнай галадоўкі 21 чэрвеня, але гэтае пытаньне будзе абмяркоўвацца калегіяльна.

(Скрабец: ) “Гэта верагодна. Мы лічым, што далі нашым дэпутатам трохі часу падумаць. Увогуле, зьвязваць пытаньне спыненьня галадоўкі ці яе працягу з 22 чэрвеня — гэта сьмешна. Бо, каб закон гэты далей быў разгледжаны, гэта яшчэ Савет рэспублікі, подпіс і згода прэзыдэнта, а на гэта мы не разьлічваем. А што ён унесены ў парадак дня апошняй сэсіі,- гэта мы лічым сваёй перамогай”.

У суботу галадоўнікі плянуюць узяць удзел ва ўскладаньні кветак на магіле Васіля Быкава.

(Скрабец: ) “Генэрал так сказаў: мы павінны пайсьці, пакуль рухаюцца ногі, бо гэта чалавек, які зьяўляецца сумленьнем беларускай нацыі. Можна параўнаць яго з акадэмікам Сахаравым, які заўсёды гаварыў праўду, на долю якога выпалі цяжкія выпрабаваньні, як і на долю Васіля Быкава. Мы ўсе вывучалі беларускую мову на яго творах, вельмі паважаем гэтага чалавека і абавязкова пойдзем, каб ушанаваць яго памяць”.