У інтэрвію “Financial Times” Сяргей Мартынаў заклікае Захад дапамагчы Беларусі кантраляваць межы

Юры Дракахруст, Прага “Беларусь магла б лепш кантраляваць незаконную міграцыю, калі б Эўразьвяз лепш дапамагаў Менску” – пад такой назвай брытанская газэта “Financial Times” друкуе інтэрвію зь міністрам замежных справаў Беларусі Сяргеем Мартынавым, выносячы ў загаловак меркаваньне міністра.
Газэта цытуе словы міністра Мартынава, паводле якога Эўразьвяз мусіць сказаць вялікі дзякуй Беларусі, якая эфэктыўна стрымлівае паток нелегальных мігрантаў, што накіроўваюцца ў краіны Эўрапейскага Зьвязу.

Кіраўнік беларускага МЗС прыводзіць лічбу 100-150 тысячаў замежных мігрантаў, якія знаходзяцца ў Беларусі і чакаюць моманту, каб перасекчы мяжу.

Сяргей Мартынаў адзначае, што Беларусь магла б стрымліваць гэты паток больш эфэктыўна, калі б мела падтрымку з боку Эўропы. Аднак Эўропа ставіцца да цяперашняй беларускай улады крытычна, закідаючы ёй абвінавачваньні ў падаўленьні свабоды слова і датычнасьці да зьнікненьня палітычных апанэнтаў. Гэтыя праблемы, а таксама праблему правядзеньня свабодных і справядлівых выбараў у прыватнасьці ўзьнімаў у размовах зь беларускімі ўрадоўцамі на мінулым тыдні дзейны старшыня АБСЭ Саламон Пасі падчас візыту ў Менск.

У інтэрвію “Financial Times” Сяргей Мартынаў выказаў упэўненасьць, што гэтая крытыка недарэчная і матываваная недакладнымі стэрэатыпамі і ўяўленьнямі. Паводле міністра сытуацыя ў галіне правоў чалавека ў Беларусі ня горшая, чым у любой іншай краіне рэгіёну.

Спадар Мартынаў у інтэрвію вітаў пашырэньне Эўразьвязу. Ён катэгарычна адмовіў наяўнасьць у Менску плянаў палітычнага аб’яднаньня з Расеяй: “Наш сувэрэнітэт і наша незалежнасьць – не прадмет гандлю і нават не прадмет перамоваў”, – падкрэсьліў ён.

Паводле Мартынава зараз Беларусь больш зарыентаваная на эканамічную інтэграцыю з Расеяй у межах адзінай эканамічнай прасторы, у якую ўваходзяць таксама Казахстан і Ўкраіна.

“Financial Times” прыгадвае, што на мінулым тыдні Беларусь і Расея падпісалі пагадненьне, якім ўрэгуляванае пытаньне паставак газу ў Беларусь да канца году. Менск пагадзіўся на больш высокія цэны і гарантаваў, што ня будзе практыкаваць несанкцыяванае адпампоўваньне газу, які ідзе ў Эўропу. Аднак – адзначае газэта – пытаньне цэнаў на наступныя гады застаецца нявырашаным, таму застаецца актуальнай праблема продажу пакету акцыяў беларускага прадпрыемства “Белтрансгаз” расейскаму “Газпрому”.