Латвія ўвяла візы новага ўзору. Што цяпер трэба, каб наведаць Латвію?

Ігар Карней, Менск Латвія першай сярод новых краінаў Эўразьвязу пачала выдаваць візы адзінага эўраўзору. Галоўныя адрозьненьні новай візы — наяўнасьць на блянку ў пашпарце лічбавага фотаздымку, а таксама шэраг ахоўных элемэнтаў, якія выключаюць магчымасьць падробкі візавых дакумэнтаў. Ці не ўскладніць гэта беларускім грамадзянам падрыхтоўку неабходных для атрыманьня візы дакумэнтаў, і ці не адаб’юцца навацыі на тэрмінах іх афармленьня?
У Консульскім аддзеле амбасады Латвіі ў Менску мне сказалі, што новая віза адрозьніваецца, найперш, больш дасканалымі элемэнтамі аховы ад падробак: гэта асаблівая папера і галяграма з сымболікай Эўразьвязу. Самае істотнае з новага ў тым, што ў дзень атрыманьня візы ці віду на жыхарства ў консульстве робіцца яшчэ лічбавы фотаздымак, які разам з усімі дадзенымі наносіцца на адмысловы блянк і пасьля ўклейваецца ў пашпарт. Крыху ўскладнілася анкета, якую трэба запаўняць падчас афармленьня дакумэнтаў на выезд. Што тычыцца пытаньня, ці не адаб’ецца гэта на тэрмінах атрыманьня візавых дакумэнтаў, дык генэральны консул амбасады Латвіі ў Менску Марыя Ягорушкіна пераконвае, што тэхнічнай працы будзе болей толькі ў супрацоўнікаў кансуляту.

(Ягорушкіна: ) “Гэта займае болей часу, натуральна. Нам цяпер цяжэй. Але людзі наўрад ці пацерпяць: як выдавалі мы візы за тыдзень, так гэтыя тэрміны і вытрымліваем. Адзінае, праблемы могуць узьнікнуць з тым, што падаваць неабходна тыя фотаздымкі, што былі зробленыя не раней за тры апошнія месяцы. Старэйшых нельга. А ў астатнім цяжкасьцяў для людзей няма ніякіх. Складанасьці для супрацоўнікаў”.

Раней была інфармацыя, што візы з фотаздымкамі Эўразьвяз меўся выдаваць толькі ў 2007 годзе. Але чаму гэта сталі рабіць амаль на тры гады раней заплянаванага тэрміну? Адказ даволі просты: скарэктаваць тэрміны Эўразьвяз прымусілі тэракты 11 верасьня ў Нью-Ёрку і 11 сакавіка ў Мадрыдзе. Цяпер, паводле рашэньня Эўракамісіі, усе краіны-сябры Эўразьвязу абавязаныя да 3 чэрвеня 2005 году ўвесьці візы адзінага ўзору, а да 14 жніўня — віды на жыхарства. Аднак тая ж Латвія справілася з задачай больш апэратыўна і першай ня толькі сярод новых краінаў альянсу, але і шэрагу сталых сябраў, увяла ў дзеяньне візы адзінага эўраўзору. Іншыя краіны пакрысе таксама ідуць у гэтым кірунку. Так, ад мінулай зімы і Чэхія выдае візы з фотаздымкам.

Калі мы ўжо гаворым пра візы, будзе цікава даведацца, ці не зьмяніўся кошт латыскай візы? Гэта актуальна для беларусаў, якія маюць у суседняй краіне сваякоў, сяброў. У кансуляце паведамілі, што пасьля далучэньня Латвіі да Эўразьвязу кошты крыху зьмяніліся. Цяпер, паводле Генэральнага консула Марыі Ягорушкінай, усе аднаразовыя і двухразовыя візы, незалежна ад тэрміну знаходжаньня ў Латвіі, каштуюць 35 эўра, а шматразовыя — 70 эўра.

Яшчэ адзначу, што эўрапейскія чыноўнікі, распрацоўваючы ўзоры новых візаў, імкнуліся дакладна вызначыць аб’ём інфармацыі пра чалавека, якая ўключаная ў візу. І робіцца гэта, як кажуць у прадстаўніцтвах краінаў Эўразьвязу, толькі з патрабаваньняў бясьпекі.