Дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі замоўчваюць палітычную галадоўку дэпутатаў

Алесь Дашчынскі, Менск Дзяржаўныя газэты ў аўторак зноў не падалі паведамленьняў пра палітычную галадоўку дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, якая цягнецца ўжо трынаццаты дзень. Сябра рады Беларускай асацыяцыі журналістаў Анатоль Гуляеў сьцвярджае, што тут ёсьць пэўная тэндэнцыя.
(Гуляеў: ) “У дзяржаўных сродках масавай інфармацыі ўвогуле ёсьць імкненьне замаўчаць, і маўчаць усе, хаця гэта падзея за апошнія два гады найбольш значная, калі людзі, якія маюць уладу, выступілі са сваімі патрабаваньнямі й не баяцца нікога. Гэта падзея ў іншых краінах была бы на першых старонках усіх газэтаў, хоць з таго боку, хоць з гэтага. А тут як прынята ў нашай дзяржаўнай прэсе — тое, што не падабаецца, таго як бы няма. Але ж яно ёсьць, людзі ведаюць, і да людзей даходзіць са словаў суседзяў, са словаў тых, хто тут быў, хто бачыў. Тое, што робіцца ў дзяржаўных СМІ, гэта цяжка назваць журналістыкай”.

Спачатку пра галадоўку паведамлялі, але потым дзяржаўныя СМІ раптам замоўклі. Камэнтуе сытуацыю актывіст Партыі БНФ Віктар Івашкевіч, які галадуе разам з дэпутатамі на кватэры Валерыя Фралова.

(Івашкевіч: ) “Убачыўшы рэакцыю людзей на галадоўку, улады вырашылі гэта замоўчваць. Недзе да пачатку выбараў яны будуць максымальна замоўчваць факт існаваньня апазыцыі, дэпутатаў “Рэспублікі”, любую інфармацыю аб існаваньні й дзейнасьці апазцыі. Але на верасень рыхтуецца такі масіраваны ўдар у выглядзе сэрыялаў тыпу “Дзеці хлусьні”, які будзе на 8–10 сэрыяў, дзе будзе зубадрабільная, гёбэльсаўская прапаганда супраць апазыцыі, так што ўлады тут затаіліся на час, і мы ўбачым вельмі моцны наступ на апазыцыю ў дзяржаўных СМІ”.

Штодня а 18 гадзіне на сустрэчу грамадзянаў з галадоўнікамі прыяжджае здымачная група першага каналу Беларускага тэлебачаньня, робіць відэаздымкі, карэспандэнт задае пытаньні, але ў тэлеэфіры інфармацыя не падаецца. Перад тэлекамэрай Валеры Фралоў і Сяргей Скрабец:

(Фралоў: ) “Мы зь нецярпеньнем чакаем рэпартажаў Беларускага тэлебачаньня. Мы вас чакаем, а вас усё няма і няма. Кожны дзень вы прыяжджаеце сюды, як на працоўнае месца, і ніяк ня ўбачым”.

(Скрабец: ) “Мы просім вас і надалей прыяжджаць нас здымаць, таму што мы будзем штодня выходзіць а 18-й гадзіне, каб сказаць усім, што мы яшчэ трымаемся”.

У кіраўніцтве БТ паведамілі, што на сустрэчы з галадоўнікамі прыяжджае здымачная група аналітычнай праграмы “Ў цэнтры ўвагі”. У якой форме будуць скарыстаныя відэаздымкі, намесьнік генэральнага дырэктара АТН Людміла Кавалёва не паведаміла.

Дэпутаты Ўладзімер Парфяновіч і Сяргей Скрабец аб працы тэлебачаньня і іншых дзяржаўных СМІ:

(Парфяновіч: ) “Адно турбуе, што яны сваіх подпісаў ня ставяць пад прадукцыяй. Зрабілі якую прадукцыю, а подпісу няма. А мы выступаем адкрыта, чаго баяцца, мы ж не сабе просім, а для людзей”.

(Скрабец: ) “Яны замоўчваюць ня толькі гэтую галадоўку, а ўсе падзеі, якія тычацца апазыцыйных сілаў. Ужо чатыры гады не асьвятляецца нават праца ў парлямэнце. БТ здымае нас ужо два тыдні, і было бы сьмешна, калі б яны не паказалі, каб мелі такую магчымасьць. Але ёсьць устаноўка, якую парушыць — азначае згубіць сваю працу, быць звольненым. Калі ў “Советской Белорусии” пра мяне пісалі такую хлусьню, што я напісаў рэдактару Паўлу Якубовічу, што вы робіце, надрукуйце лепей наш зварот і нашу праграму дэпутацкай групы. Яны абавязкова павінны былі гэта надрукаваць, але Якубовіч мне сказаў, што ён ніколі гэтага ня будзе рабіць, бо яму праца даражэй, чым закон”.