Водгукі слухачоў - 8 чэрвеня

RFE/RL Званок на Свабоду. Кожны дзень з 21:00 вечара да 09:00 раніцы вы можаце затэлефанаваць на менскі нумар 229-22-71 і пакінуць свой водгук на нашым аўтаадказьніку.
(Лусевіч Міхаіл, Ліда: ) “Вы задалі пытаньне: “Чым скончыцца акцыя дэпутатаў групы “Рэспубліка”. Магу выказаць сваё меркаваньне: яна скончыцца нічым. Кажу я гэта не ад таго, што ў мяне нейкая злоба, а кажу я гэта зь вялікім сумам – уладу так проста не аддаюць. І галадоўка гэтых трох дэпутатаў гэтага пытаньня ня вырашыць. Ёсьць адзіная сіла, якая ўстане і вырашыць тую праблему, якая існуе на Беларусі. І гэтая адзіная сіла – гэта ня партыя, гэта нацыя; нацыя, якая жадае жыць добра, нацыя, якая жадае жыць у дэмакратыі, нацыя, якая жадае бачыць свой дом Беларусь сваім домам, нацыя, якая не жадае залежыць ні ад каго акрамя Бога і саміх сябе.

Вы гаворыце, што Ліда горад асобны, што тут кожныя выбары гэта, як быццам бы, знакавая падзея. Я сам жыхар Ліды. Можа ня так даўно, але з маёй пазыцыі, якая заўсёды была на падмурку дэмакратычнасьці і беларускасьці, я заўсёды размаўляю зь людзьмі, дзе толькі гэта магчыма: на кірмашах, на прадпрыемствах, у сябе на працы, – і я бачу абыякавасьць. І гэтыя людзі далёка неабыякавыя да жыцьця, да саміх сябе, але я бачу вось тую пазыцыю: “Ад мяне нічога не залежыць”. І гэтым прасякнута ўся Ліда, фактычна ўся. Ніводнай дзейнай акцыі апазыцыі, альбо самотныя ўлёткі кааліцыі “5+“, альбо злобныя ўлёткі партыі Зянона Пазьняка. Вось і ўсё. Людзі ня бачаць, яны так і гавораць: “Мы ня бачым нікога”.

(Шэін Зьміцер, Менск) “Пытаньне дэпутатам групы “Рэспубліка”. Ці можна назваць Палату прадстаўнікоў, дэпутатамі якой вы зьяўляецеся, сапраўдным паўнавартасным парлямэнтам? Дзякуй”.