Амбасадары краінаў-сябраў Эўразьвязу даслалі ліст Міхаілу Марынічу

Амбасадары 11 краінаў-сябраў Эўрапейскага Зьвязу, акрэдытаваныя ў Беларусі, накіравалі супольны ліст Міхаілу Марынічу. У ім кіраўнікі дыпляматычных місіяў краінаў Эўразьвязу выказалі сваю занепакоенасьць арыштам палітыка. Паводле аўтараў ліста, гэты арышт дае падставы сумнявацца што да намераў кіраўніцтва Беларусі весьці палітычны дыялёг і правесьці свабодныя ды справядлівыя выбары, не ўжываючы гвалту і пагрозаў да палітыкаў, якія маюць альтэрнатыўныя погляды. Амбасадары 11 эўрапейскіх дзяржаваў упэўненыя, што справядлівае дасьледаваньне справы Марыніча стала б жэстам добрай волі з боку беларускіх уладаў дзеля паляпшэньня стасункаў з эўрапейскай супольнасьцю.