Дэпутаты групы “Рэспубліка” могуць перанесьці галадоўку на кватэру

Юры Сьвірко, Менск Пра гэта Свабодзе заявіў кіраўнік групы назіраньня за галадоўнікамі Ўладзімер Колас, якога ў Дом ураду не пусьцілі, як і акрэдытаваных у Палаце прадстаўнікоў журналістаў. Афіцыйныя ўлады кажуць, што пра галадоўку нічога ня ведаюць, і рабіць нейкія захады не зьбіраюцца.
Найперш я патэлефанаваў Уладзімеру Коласу, былому дырэктару Нацыянальнага гуманітарнага ліцэю, ды спытаўся, ці вядзецца назіраньне за галадоўкай трох дэпутатаў.

(Колас: ) “Мне таксама паведамілі пра гэта. Ну і што? Так”.

(Карэспандэнт: ) “Як вы назіраеце?”

(Колас: ) “Ну як назіраю — не даю ім есьці. Вось і ўсё. Трэба назіраньне — як засьведчыць, што сапраўды галадоўка? І дзеля таго, каб сачыць за станам іхнага здароўя. Таму мы будзем як рада інтэлігенцыі, як грамадзкая ініцыятыва шукаць лекараў, якія бы маглі сачыць за станам іхнага здароўя, а потым вырашаць, якім чынам мы гэта ўсё будзем рабіць”.

(Карэспандэнт: ) “А вас пусьцілі ў Дом ураду?”

(Колас: ) “Не, мяне ў Дом ураду не пусьцілі”.

(Карэспандэнт: ) “Будзеце так, завочна назіраць?”

(Колас: ) “Не, я думаю, што гэтая галадоўка перамесьціцца, так сказаць, на кватэру Фралова, таму што мы ведаем сумныя аб’яўленьні галадоўкі ў тым жа самым будынку і чым гэта скончылася. Таму мы прадбачым, што яна будзе адбывацца ў іншым месцы”.

Спадар Колас меў на ўвазе ноч на 12 красавіка 1995 году, калі група дэпутатаў апазыцыі Беларускага Народнага Фронту на чале зь Зянонам Пазьняком распачала галадоўку проста ў залі паседжаньняў Вярхоўнага Савету, дзе цяпер засядае Палата прадстаўнікоў. Тады дэпутаты засталіся нанач, а начальнік галоўнай управы дзяржаўнай аховы Міхаіл Цесавец паабяцаў мне ды іншым журналістам, што ўначы парлямэнтароў чапаць ня будуць. Насамрэч апазыцыйных дэпутатаў гвалтам выдалілі з Дому ўраду.

Ці не паўторыцца тое самае цяпер? Я зьвязаўся з начальнікам адміністрацыйна-гаспадарчага комплексу “Дом ураду” Філіпам Высоцкім:

(Карэспандэнт: ) “Фралоў, Скрабец і Парфяновіч абвесьцілі галадоўку і сказалі, што будуць галадаваць у сваіх кабінэтах…”

(Высоцкі: ) “Упершыню чую пра гэта, шчыра кажучы…”

(Карэспандэнт: ) “А які рэжым у будынку?”

(Высоцкі: ) “Справа ў тым, што гэта, уласна, ня мой напрамак абсалютна. Курыруе ўсе пытаньні таварыш Хурсін — кіраўнік сакратарыяту. У мяне зусім іншыя функцыі”.

(Карэспандэнт: ) “А вы можаце кантраляваць, што там уначы робіцца?”

(Высоцкі: ) “Не, гэта ня мой напрамак. Тут ёсьць служба бясьпекі”.

Дзяжурны службы бясьпекі прэзыдэнта, якая ахоўвае Дом ураду, сказаў, што інфармацыяй пра галадоўку не валодае, але паабяцаў паінфармаваць мяне пазьней. А прэсавая сакратарка Аляксандра Лукашэнкі Натальля Пяткевіч адразу заявіла, што ані яна, ані ейны шэф галадаваньне дэпутатаў “не камэнтавалі”.