Надмагільным помнікам Васілю Быкаву будзе валун зь Фінляндыі

Валянціна Аксак, Менск Некалькі беларускіх скульптараў распрацавалі макеты надмагільнага помніка Васілю Быкаву. Таму сябры і блізкія пісьменьніка меркавалі правесьці закрыты конкурс на найлепшы праект. Аднак, як стала вядома нашаму радыё, цяпер яны ад гэтае ідэі адмовіліся.
Паводле хрысьціянскага звычаю, надмагільны помнік усталёўваецца ў гадавіну сьмерці. Гэтаю жалобнаю датаю ў жыцьцяпісе Васіля Быкава стаў дзень 22 чэрвеня. Яшчэ некалькі дзён таму пытаньне пра помнік пісьменьніку было адкрытым. Але вось што ўчора сказаў мне сябра Васіля Быкава паэт Рыгор Барадулін:

(Барадулін: ) “Ідзе камень зь Фінляндыі. Камень адтуль Уладзімер Някляеў перасылае”.

Старшыня Саюзу пісьменьнікаў Алесь Пашкевіч атрымаў зь Фінляндыі фатаздымкі валуна і схему ягонага ўсталяваньня на адмысловым пастамэнце, распрацаваным тамтэйшымі майстрамі.

(Пашкевіч: ) “На валуне надпіс: “Васіль Быкаў”. Так, як ён падпісваўся. І гады жыцьця. Як усё будзе добра, мы плянуем адкрыць яго на магіле на гадавіну сьмерці, усталяваць за гэты час і адкрыць. Потым будуць глядзець мастакі, і сама Ірына Міхайлаўна некалькі разоў выказвала гэтае пажаданьне, каб каля валуна з бронзы зрабіць васількі”.

Фінляндыя была першаю краінай, якая прыняла Васіля Быкава пасьля таго, як улады на радзіме распачалі публічныя выпады супраць пісьменьніка, стварыўшы яму невыносныя ўмовы жыцьця і творчасьці. Удава Васіля Быкава Ірына Міхайлаўна распавяла нашаму радыё, што ён вельмі палюбіў прыроду Фінляндыі. Асабліва яму падабалася хадзіць па ўзьбярэжжы Балтыкі між прыгожых камянёў, пра што ў сямейным архіве засталося шмат фатаздымкаў. Таму гэты валун, выбраны для надмагільля другім беларускім пісьменьнікам, якога прытуліла Фінляндыя, Уладзімерам Някляевым, нясе ў сабе шматзначную сымболіку.

(Быкава: ) “Гэта вельмі каштоўны камень… Ведаеце, калі ў тыя чорныя дні і чорныя гадзіны, калі ўжо бацькаўшчына яго не прымала, і тая Суомі прыняла,то дзякуй ёй і паклон ёй за ўсё тое.. І гэта будзе вечным помнікам гэтага сардэчнага, гэтага цёплага з таго халоднага краю паклону”.

Спадарыня Быкава дадала, што, мажліва, з часам гэты валун стане часткаю большае надмагільнае скульптурнае кампазыцыі. Але якое, пра гэта гаварыць пакуль што рана.