“Цану на газ вызначаць перамовы Пуціна і Лукашэнкі”


Цана на газ для Беларусі ў 2008 годзе будзе вызначаная на перамовах паміж Уладзімерам Пуціным і Аляксандрам Лукашэнкам. Гэтак лічыць экспэрт цэнтру “Стратэгія” эканаміст Яраслаў Раманчук. А паводле доктара эканамічных навук Барыса Жалібы, цана на газ для Беларусі можа зьнізіцца ў выпадку, калі “Газпром” набудзе акцыі шэрагу буйных беларускіх прадпрыемстваў.

Эканаміст Яраслаў Раманчук лічыць, што пытаньне цаны на газ для Беларусі — палітычнае, і яно вырашыцца падчас сустрэчы Уладзімера Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі ў Менску, якая мае адбыцца ў сярэдзіне сьнежня.

”Дамоўленасьці паміж Беларусьсю і Расеяй не выконваюцца традыцыйна”

“Цана газу для Беларусі — гэта не эканамічнае пытаньне, гэта не пытаньне, якое вынікае зь нейкіх падпісаных дамоўленасьцяў, паколькі дамоўленасьці паміж Беларусьсю і Расеяй не выконваюцца традыцыйна. Таму ўсё будзе залежаць ад таго, на якой эмацыйнай псыхалягічнай ноце скончыцца спатканьне Пуціна з Лукашэнкам, якія пугі і пернікі будуць абмяркоўвацца.
"Цана будзе ў раёне 145—150 даляраў, у залежнасьці ад таго, як Лукашэнка будзе ўспрымаць пагрозы з расейскага боку"

Я думаю, што цана будзе ў раёне 145—150 даляраў, у залежнасьці ад таго, як Лукашэнка будзе ўспрымаць пагрозы з расейскага боку. Будуць прапаноўвацца і пернікі ў выглядзе танных крэдытаў, інвэстыцыяў у беларускія прадпрыемствы і захаваньня статусу вольнага доступу на расейскі рынак”, — лічыць эканаміст.

Паводле Яраслава Раманчука, Беларусь паціху пазбаўляецца ад “газавай залежнасьці” і паступова апынаецца ў яшчэ больш небясьпечнай, на яго думку, крэдытнай залежнасьці ад Расеі.

Удзел “Газпрому” ў інвэстыцыйных праектах у Беларусі

Пасьля чарговых перамоваў паміж кіраўніком “Газпрому” Аляксеем Мілерам і беларускім віцэ-прэм’ерам Уладзімерам Сямашкам прэсавая служба “Газпрому” распаўсюдзіла заяву. Зь яе вынікае, што цана на газ для Беларусі ў 2008 годзе будзе разьлічвацца ў адпаведнасьці з умовамі кантракту паміж “Газпромам” і “Белтрансгазам”, які дзейнічае цяпер. Яна складзе 67% ад сярэднеэўрапейскай, або, паводле сёньняшніх цэнаў, каля 180 даляраў за тысячу кубамэтраў.

У той жа час агенцтва Інтэрфакс са спасылкай на “блізкую да перамоваў крыніцу зь беларускага боку” паведамляе, што “Газпром” прапанаваў Менску купляць газ па цане 165 даляраў за тысячу кубамэтраў. А тыдзень таму віцэ-прэм’ер Уладзімер Сямашка заявіў, што цана гэтая складзе 119 з паловай даляраў за тысячу кубамэтраў.
Інтэрфакс: “Газпром” прапанаваў газ па цане 165 даляраў за тысячу кубамэтраў.

На сустрэчы ў Маскве размова ішла і пра дзейнасьць “Белтрансгазу” з улікам таго, што цягам чатырох гадоў “Газпром” мае выкупіць 50 працэнтаў акцыяў гэтага прадпрыемства. Таксама разглядаліся магчымасьці ўдзелу “Газпрому” ў інвэстыцыйных праектах у Беларусі ў галінах электраэнэргетыкі і вытворчасьці мінэральных угнаеньняў.

”Калі мы саступім акцыі, то цана газу будзе ніжэйшая”

Гаворыць доктар эканамічных навук Барыс Жаліба:

“Газпром” мае інтарэс купіць наша аб’яднаньне “Гродна Азот”. Гэта газаёмістае прадпрыемства. І яшчэ некаторыя аб’екты. Традыцыйна “Газпром” цікавяць нашы нафтаперапрацоўчыя заводы ў Полацку і Мазыры. Калі мы саступім там акцыі, якія задаволяць бакі, то цана газу будзе ніжэйшая. Я думаю, што на перамовах усё ідзе ва ўвязцы”, — лічыць эканаміст.

Барыс Жаліба адзначае, што вызначаная кантрактам цана — 67 працэнтаў ад сярэднеэўрапейскай — малапад’ёмная для беларускай эканомікі. Ён прагназуе, што з улікам усіх абставін цана на газ для Беларусі ў наступным годзе складзе ад 125 да 150 даляраў за тысячу кубамэтраў.
"Калі мы саступім там акцыі, якія задаволяць бакі, то цана газу будзе ніжэйшая"

Дарэчы, некалькі дзён таму Ўкраіна падпісала з “Газпромам” кантракт, які прадугледжвае цану 179 з паловай даляраў за тысячу кубамэтраў. Летась Беларусь купляла ў “Газпрома” газ па 46,67 даляраў за тысячу кубамэтраў. З 2007 году расейская манаполія зьбіралася падвысіць цэны да 200 даляраў за тысячу кубамэтраў. Цана склала 100 даляраў, паколькі Беларусь пагадзілася прадаць “Газпрому” 50 працэнтаў акцыяў “Белтрансгазу”. У адпаведнасьці з умовамі кантракту “Газпром” набывае 50 працэнтаў акцыяў “Белтрансгазу” за 2,5 млрд. даляраў роўнымі плацяжамі цягам чатырох гадоў.