Каталіцкія вернікі ў Іўеўскім раёне спынілі галадоўку

Міхал Карневіч, Гарадзенская вобласьць Касьцёлы ў Лаздунах і Юрацішках сёньня пад вечар апусьцелі. Каля ста вернікаў галадалі тут трое сутак на знак пратэсту супраць таго, што беларускія ўлады не працягваюць візу іх ксяндзу з Польшчы Мар’юшу Ільяшэвічу
Сёньня ў другой палове дня, адслужыўшы па чарзе імшу ў Юрацішках і Лаздунах, ксёндз ад’ехаў у Польшчу. Тэрмін ягонай візы сканчаецца а 24-й гадзіне.

Вернікі, калі праводзілі яго, плакалі. Ксёндз Мар’юш пажадаў ім ня губляць надзеі, дабівацца справядлівасьці й прасіў не галадаць.

Вернікі з Лаздуноў й Юрацішак намераны дамагацца, каб улады дазволілі вярнуцца ксяндзу Мар’юшу. Трэцяга студзеня дэлегацыя ад гэтых прыходаў зьбіраецца на прыём да старшыні Гарадзенскага аблвыканкаму спадара Саўчанкі.