Гомельскі аблсуд адхіліў прэтэнзіі сябраў АГП да выбарчых камісіяў

Радыё Свабода Сёньня Гомельскі абласны суд адхіліў скаргі двух сябраў Аб’яднанай грамадзянскай партыі на адмову выбарчых камісіяў зарэгістраваць іх кандыдатамі ў дэпутаты мясцовых саветаў.
Старшыня Гомельскай гарадзкой арганізацыі АГП Андрэй Толчын аспрэчваў у судзе адмову ў рэгістрацыі кандыдатам у дэпутаты гарсавету па Менскай выбарчай акрузе №22.

Прадстаўнікі гарадзкой выбарчай камісіі Ірына Раманюк і Юлія Дзенісёнак распавялі суду, што ў сямёх падпісантаў за вылучэньне кандыдатам Андрэя Толчына недакладна пазначаныя пэрсанальныя зьвесткі. Да таго ж спадар Толчын не прапісаны ў горадзе — жыве ў сястры без прапіскі. Андрэя Толчына такая аргумэнтацыя зьдзівіла.

(Толчын: ) “З гледзішча камісіі, я не існую ў прыродзе. Я жыву ў горадзе з 1967 году, а зь іхнага гледзішча — не пражываю. Мяне гэта вельмі абурыла, таму я й зьвярнуўся ў суд. Дарэчы, я быў дэпутатам гарсавету 21-га скліканьня, чальцом прэзыдыюму й працаваў у Гомельскім гарадзкім савеце”, — сказаў Андрэй Толчын.

У суд ён прывёў трох сьведак, у тым ліку й сястру, у кватэры якой пастаянна жыве.

Судзьдзя Леанора Буянкова адхіліла скаргу Андрэя Толчына, указаўшы, што камісія дзейнічала ў межах заканадаўства. На гэтай жа падставе не задаволіла судзьдзя й скаргі другога сябра АГП Уладзімера Кацоры, які аспрэчваў адмову акруговай выбарчай камісіі зарэгістраваць яго кандыдатам у дэпутаты аблсавету ў Рошчынскай выбарчай акрузе.

Спадар Кацора аспрэчваў найперш выснову камісіі пра тое, што ён недакладна пазначыў у анкеце зьвесткі пра месца працы. На думку камісіі, пасада намесьніка старшыні абласной арганізацыі АГП не зьяўляецца месцам працы.