Сэнатар Лугар: NATO патрэбна канцэпцыя "энэргэтычнай бясьпекі"

Натальля Судлянкова, Прага Гэты год для эўрапейскіх краінаў пачаўся з газавага крызысу, што быў выкліканы спыненьнем расейскіх паставак газу на Ўкраіну. У зьвязку з тым, што праз Украіну праходзіць пераважная частка расейскіх паставак газу ў Заходнюю Эўропу, недахоп газу адчулі і ў Рыме, і ў Парыжы, і ў іншых эўрапейскіх гарадох. Як адзначае газэта “Вашынгтон Пост”, у сталіцах гэтых краінаў адразу зразумелі, што ў пытаньнях энэргетыкі яны залежаць ад аўтакратыі, якая гатовая да выкарыстаньня энэрганосьбітаў у якасьці зброі імпэрыялізму.
Вельмі падобна, адзначае “Вашынгтон Пост”, што канец гэтага году ў сэнсе паставак газу будзе вельмі падобны на апошнія дні мінулага году. Грузія і Азэрбайджан, якія вырашылі не падпарадкавацца Пуціну, імкнуцца знайсьці альтэрнатыўных пастаўшчыкоў газу да 1 студзеня, каб запабегчы рэзкаму падвышэньню кошту гэтага энэрганосьбіту. У аналягічнай сытуацыі апынулася і Беларусь, якая адмовілася перадаць Маскве ўва ўласнасьць сваю газатранспартную сыстэму. Тым часам заходнія энэргетычныя кампаніі, якія інвэставалі грошы ў расейскія газавыя і нафтавыя радовішчы, змушаныя прадаваць “Газпраму” кантрольныя пакеты акцыяў кампаніяў, якія працуюць на гэтых радовішчах.

І тым ня менш, насуперак таму, што пытаньне энэргетычнай бясьпекі пасьпела стаць улюбёным тэматам дыскусіяў краінаў Эўразьвязу, пакуль нічога ня было зроблена дзеля таго, каб гэтае пытаньне вырашыць.

Зразумела, адзначае газэта, што знайсьці выйсьце з гэтай сытуацыі няпроста. Больш таго, гэтае выйсьце вельмі дарагое. Эўропа мусіць, напрыклад, пабудаваць новыя газаправоды, каб атрымліваць энэрганосьбіты зь іншых краінаў. Але ёсьць і іншая праблема – эўрапейскія краіны ня могуць дамовіцца паміж сабой і выпрацаваць агульную стратэгію дзеяньняў у дачыненьні да Расеі. Некаторыя палітыкі прапануюць супрацоўніцтва з Расеяй уключна з эканамічным і стратэгічным партнэрствам. Іншыя настойваюць на тым, што Брусэль мусіць адмовіцца ад аднаўленьня эканамічнага пакту з Расеяй, пакуль Масква ня спыніць свае спробы манапалізаваць пастаўкі энэргіі ў Эўропу.

Сэнатар Рычард Лугар прапанаваў Паўночнаатлянтычнаму альянсу прыняць канцэпцыю “энэргетычнай бясьпекі”, як адной з асноўных місіяў НАТО. На думку Лугара, НАТО мусіць рэагаваць на небясьпеку нападу з выкарыстаньнем паставак энэрганосьбітаў гэтак жа, як і на напад на тэрыторыю аднаго з чальцоў альянсу. Гэта азначае, што напад на аднаго з чальцоў выклікае адказ усіх краінаў, што ўваходзяць у НАТО. Лугар адзначыў, што гэтая прапанова не азначае ваенных дзеяньняў у адказ, але, тым ня менш, альянс мусіць падрыхтавацца да магчымых сумесных дзеяньняў.

Лугар нагадаў, што раней НАТО ладзіў манэўры, каб падрыхтавацца да магчымых праблемаў з пастаўкамі газу й нафты з боку СССР. Цяпер, на думку сэнатара, трэба падрыхтавацца да сумесных дзеяньняў на выпадак неабходнасьці дапамагчы аднаму з чальцоў альянсу, які сутыкнуўся зь геапалітычным шантажом.

Пагроза спыненьня паставак энэргарэсурсаў вымушае альянс вярнуцца да выкананьня сваёй гістарычнай місіі – абараняць дэмакратычную Эўропу ад нападаў з боку аўтакратычнай улады, што знаходзіцца па-за ўсходнімі межамі Эўразьвязу, - адзначае газэта. “Выкарыстаньне энэргіі ў якасьці зброі – гэта не тэарэтычная пагроза будучыні. Яна існуе ўжо цяпер”, - цытуе “Вашынгтон Пост” словы сэнатара Рычарда Лугара.