Падпісаны кантракт з Украінай на пастаўку ў Беларусь электраэнэргіі

Радыё Свабода Падпісаны кантракт на пастаўку ў Беларусь украінскай электраэнэргіі ў першым паўгодзьдзі 2007 году. Як паведамляе ўкраінская газэта "Экономические известия" са спасылкай на супрацоўніка прэсавай службы “Мінпалэнэрга” Ўкраіны Міхаіла Грышчанку, беларускі бок згадзіўся на прапанаванае Ўкраінай падвышэньне цаны на 15%.
Перамовы па пастаўках украінскай электраэнэргіі ў Беларусь у 2007 годзе былі доўгімі і напружанымі, але беларусы пайшлі на саступкі і пагадзіліся з украінскай цаной. Новы кантракт прадугледжвае экспарт каля 1,5 мільярдаў кіляват-гадзінаў электраэнэргіі на працягу першага паўгодзьдзя. Што будзе далей, Грышчанка ўдакладніць не змог.

Дэфіцыт электраэнэргіі ў Беларусі складае каля 5,8 мільярдаў кіляват-гадзінаў у год, якія “Белэнэрга” мае намер пакрыць за кошт імпарту. Як пішуць украінскія "Экономические известия", Беларусі не прыходзіцца спадзявацца на дапамогу Расеі – там зараз таксама недахоп энэргіі, дый адносіны прэзыдэнтаў Пуціна і Лукашэнкі не спрыяюць выгодным для Беларусі эканамічным кантрактам.