Сёньня на волю выходзіць Андрэй Клімаў

Алег Грузьдзіловіч, Менск Сёньня заканчваецца тэрмін абмежаваньня волі для былога дэпутата Андрэя Клімава, пакаранага за арганізацыю несанкцыянавага мітынгу. Сваякі будуць чакаць вяртаньня Андрэй Клімава з раніцы, аднак палітык не выключае, што “вызваленьне” зацягнецца да ночы.
Датэлефанавацца да Андрэя Клімава напярэдадні вызваленьня аказалася проста – мабільная сувязь зь вёскай Баршчоўка Рэчыцкага раёну працуе добра, а“хімік” Клімаў ахвотна дзеліцца ўсімі зьвесткамі. Праўда, іх ня шмат: да вызваленьня ён падрыхтаваўся, але калі дакладна наступіць момант выхаду на волю, можа толькі прадбачыць.

(Клімаў: ) “Такім чынам, я разьлічыўся за пражыцьцё ў інтэрнаце камэндатуры, здаў бялізну, разьвітаўся зь дзяжурнай зьменай у камэндатуры. Толькі грошай на працы яшчэ не атрымаў, вось чакаю да канца працоўнага дня”.

Штомесяц за жыцьцё ў інтэрнаце вёскі Баршчоўка Клімаў плаціў па 20 тысяч рублёў. На “хіміі” у Рэчыцкім раёне ён зь лютага , а дагэтуль былы дэпутат Вярхоўнага Савету 13 скліканьня адбываў пакараньне ў райцэнтры Крупкі, дзе працаваў дворнікам . Напярэдадні выбараў Андрэя Клімава вывезьлі адтуль без ўсялякіх тлумачэньняў. Як ён лічыць, да гэтага спрычынілася палітыка. Вось і цяпер, напярэдадні вызваленьня, Андрэй Клімаў не выключае, што ўмяшаньне палітыкі зноў сапсуе яму настрой.

( Клімаў: ) “Паводле закону, яны могуць выпусьціць мяне і да абеду, але калі захочуць сапсаваць сьвята, то могуць пратрымаць і да 24-х гадзінаў. Не аддадуць раней пашпарт – і ўсё. Што я буду рабіць без пашпарта?”

Дома палітыка чакаюць жонка Тацяна, дачка Лена і сын Станіслаў. Тацяна Клімава не хацела сурочыць і таму была нешматслоўнай.

(Тацяна Клімава: ) “Чакаем, рыхтуемся, паедзем сустракаць. І тады будзе сьвята, толькі тады. А пакуль рана пра сьвята казаць”.

Нагадаю, Андрэй Клімаў быў асуджаны на паўтара гады “хіміі” за арганізацыю 25-га сакавіка 2005 году мітынгу пратэсту супраць улады Аляксандра Лукашэнкі. Гэта было другое пакараньне Клімава. Раней ён адбыў болей за тры гады зьняволеньня паводле абвінавачаньня ў эканамічным злачынстве. Апазыцыянэр лічыць, што зь ім паквіталіся за палітычную дзейнасьць.