Што менчукі ведаюць пра Ніязава?

Радыё Свабода Што вы ведаеце пра Ніязава й жыцьцё туркмэнскага народу? Гэтае пытаньне людзям на вуліцах Менску задавала Галіна Абакунчык.
(Юнак: ) “Ведаю, што прэзыдэнт Туркмэністану — асоба вядомая ва ўсясьветнай палітыцы, у дыпляматыі. Таму Туркмэністану, відаць, давядзецца цяжка пасьля яго сьмерці”.

(Спадар: ) “Людзі нармалёва жылі й яго хвалілі”.

(Юначка: ) “Пра краіну крыху ведаем, а пра прэзыдэнта — не”.

(Юнак: ) “Туркмэністан — краіна аднаго кіраўніка, бо ён праводзіў толькі сваю палітыку. Адначасна, мне падаецца, што яна была вельмі эфэктыўная”.

(Спадарыня: ) “Нічога не магу сказаць, нічога ня ведаю”.

(Спадар: ) “Нават ня ведаю што сказаць. Мне больш дармавы газ падабаецца, як у Туркмэніі. А астатняе — складанае пытаньне”.

(Юнак: ) “Ведаю, што ён пры жыцьці ставіў сабе залатыя помнікі й тое, што культ асобы быў відавочны. Зразумела, што ягоны рэжым не глядзеў ні на якія правы чалавека й на выкананьне міжнародных дамоўленасьцяў. Магчыма, гэтая трагічная падзея стане штуршком для разьвіцьця Туркмэністану”.

(Карэспандэнтка: ) “Што вы ведаеце пра Ніязава й жыцьцё туркмэнскага народу?”

(Юнак: ) “Я амаль нічога ня ведаю, бо ў нас пра гэта нічога не паведамляюць”.

(Спадарыня: ) “Я ведаю, што там дармавы газ, што ён шмат робіць для людзей, як кажуць нашы радыё й тэлебачаньне. Але дэмакратыі там ніякай няма і ўсё скіравана на ўсхваленьне аднаго чалавека. Але народу, відаць, падабалася ягонае кіраваньне, бо я ня чула, каб там нейкія пратэсты былі”.

(Спадар: ) “Мяне больш хвалююць праблемы сваёй краіны. А такіх прэзыдэнтаў я не ўхваляю, у тым ліку й Ніязава”.

(Спадар: ) “Магчыма, туркмэнскі народ згадае, што ў кожнага грамадзяніна ёсьць свой уласны бацька, а ня толькі Туркмэнбашы. Быць можа, штосьці зьменіцца да лепшага. Гэта багатая краіна, яна мае газ. Грэх так казаць, але, магчыма, гэта такі падарунак туркмэнскаму народу да Новага году”.