Звольненага за ўдзел у выбарах выкладчыка не аднавілі на працы (фота)

Любоў Лунёва, Менск Суд Маскоўскага раёну Менску адмовіў былому выкладчыку пэдагагічнага ўнівэрсытэту Юрасю Бачышчу ў аднаўленьні на працы. 23 сакавіка яго звольнілі з фармулёўкай “за амаральны ўчынак, несумяшчальны з пэдагагічнай дзейнасьцю”.
У суд Маскоўскага раёну прыйшлі каля двух дзясяткаў чалавек, у тым ліку прадстаўнік амбасады ЗША. Напярэдадні студэнты сабралі 146 подпісаў з патрабаваньнем аднавіць на працы звольненага выкладчыка.

Фармальнай падставай для звальненьня дацэнта Юрася Бачышчы стала дакладная ад студэнта, у якой той паведаміў, што чуў ад свайго аднакурсьніка, нібы выкладчык распаўсюджвае сярод студэнтаў дыскету з мультфільмамі палітычнага зьместу.

Адміністрацыя ўнівэрсытэту не праводзіла службовага расьсьледаваньня. Пракуратура распачала крымінальную справу па факце распаўсюду сатырычных мультфільмаў сярод студэнтаў. Прызналі, што мультфільмы абражаюць гонар Аляксандра Лукашэнкі, але доказаў, што выкладчык распаўсюджваў дыскету, не знайшлі.

Юрась Бачышча ў судзе паведаміў, што 17 сакавіка яго выклікалі ў рэктарат і папрасілі спыніць назіраньне за выбарамі. Яму патлумачылі, што адміністрацыя Маскоўскага раёну абуралася тым, што ён, як незалежны назіральнік склаў пратаколы парушэньняў. На наступны дзень загадчык катэдры прапанаваў падначаленаму падаць заяву пра звальненьне на ўласнае жаданьне.

У судзе Юрась Бачышча заявіў, што яго незаконна звольнілі з палітычных матываў.

На судовае паседжаньне прыйшоў прафэсар Генадзь Космач, які сьведчыў, што нібыта чуў урыўкі фразаў гутаркі Бачышчы са студэнтамі ў калідоры. Паводле спадара Космача, Юрась Бачышча казаў, што ў Беларусі недэмакратычны лад. Юрась Бачышча паведаміў “Свабодзе” у судовай залі:

(Бачышча: ) “Прыйшоў загадчык катэдры (ня той, на якой я працую) і казаў, што недзе падслухаў, як я нібыта крытыкаваў перад студэнтамі існы рэжым і заклікаў іх да нейкіх палітычных акцыяў. Такога факту не было. Я вельмі зьдзіўлены, што выкладчык ілжыва сьведчыць супраць сваіх калег. Тым больш дзіўна, калі гэта робіць гісторык — які, па сутнасьці, ведае савецкі час, калі такое ілжывае сьведчаньне было вельмі распаўсюджана сярод інтэлігенцыі — пад прымусам”.

Другі сакратар амбасады ЗША Стывэн Гілан прысутнічаў на судзе. Ён паведаміў “Свабодзе”:

(Гілан: ) “Мы думаем, што кожны чалавек мае права крытыкаваць сваю дзяржаву — і ў тым ліку свайго прэзыдэнта. Мы думаем, што гэта палітычны працэс і парушэньне правоў спадара Бачышчы”.

Запіс у працоўнай кніжцы не дазваляе Юрасю Бачышчу, кандыдату гістарычных навук, уладкавацца на працу нават у сярэднюю школу. Ён не працуе дзевяць месяцаў. Ягоная жонка ў адпачынку, глядзіць дзіця.