20 сьнежня: скасаваньне для Беларусі ільгот у гандлі з Эўразьвязам?

Валер Каліноўскі, Менск Гэтымі днямі ў Брусэлі адбываецца дыскусія наконт вываду Беларусі з генэральнай сыстэмы прэфэрэнцыяў у гандлі з Эўразьвязам за парушэньне беларускім урадам правоў прафсаюзаў.
Прэсавы сакратар эўрапейскага камісара ў справе гандлю Стывен Адамс паведаміў Свабодзе, што гэтае пытаньне ўчора дыскутавалася ў Камітэце сталых прадстаўнікоў дзяржаў-сябраў Эўразьвязу. Узгадненьні працягнуцца яшчэ сёньня і заўтра. Паводле спадара Адамса, ідзе падрыхтоўка да таго, каб рашэньне было ўхваленае 20 сьнежня. Нагадаю, 5 сьнежня экспэрты Эўразьвязу большасьцю галасоў рэкамэндавалі выключыць Беларусь зь ліку краінаў-бэнэфіцыяраў Генэральнай сыстэмы прэфэрэнцыяў. У Эўракамісіі зьвязваюць гэтую прапанову зь невыкананьнем у Беларусі правоў прафсаюзаў і падкрэсьліваюць, што гэта ні ў якім разе нельга лічыць санкцыямі, гэта проста пазбаўленьне ранейшых льгот.

Верагоднасьць станоўчага рашэньня вялікая, але не стопрацэнтная,– гэтак лічыць менскі палітоляг Андрэй Фёдараў.

(Фёдараў: ) “Супраціўленьне будзе вялікае. Літва даволі актыўная тут, Латвія таксама супраць, бо яны самі губляюць з-за гэтага шмат. Голас у голас, здаецца, ідзе там барацьба, вельмі ўпарта яны будуць спрачацца па гэтым пытаньні”.

На самой справе Літва захавала ранейшую пазыцыю, лічыць яе справядлівай і будзе шукаць падтрымку найперш сярод іншых новых сябраў Эўразьвязу. Пра гэта Свабодзе паведаміў дэпутат літоўскага Сойму Вацлаў Станкевіч:

(Станкевіч: ) “Літва мае свае і палітычныя і эканамічныя інтарэсы, у эканамічным сэнсе страчвае не толькі Беларусь, але і суседнія краіны: Літва, Латвія, Польшча. Мы супраць такіх дзеяньняў Эўразьвязу і наколькі гэта будзе магчымым, будзем уплываць, тлумачыць, што такія санкцыі не будуць дзейнічаць на дэмакратызацыю Беларусі. І ў эканамічным сэнсе гэта блага як для беларускага народу, гэтак і для краінаў Эўразьвязу, такіх як Латвіі, Польшчы і Літвы”.

Эканамісты падлічылі, што магчымыя страты ад вываду Беларусі з Генэральнай сыстэмы прэфэрэнцыяў каля 300 мільёнаў эўра штогод. Наконт таго, хто найбольш пацерпіць, ёсьць меркаваньне менскага эканаміста Леаніда Заікі:

(Заіка: ) “Гэта будуць у асноўным прадпрыемствы з жаночай працай, дастаткова праблематычныя ў фінансавых адносінах, тыпу тэкстыльных, камвольных, швейных фабрык”.

Паводле Леаніда Заікі, гандаль нафтапрадуктамі, перапрацаванымі ў Беларусі, асабліва не пацерпіць ад магчымага рашэньня Эўразьвязу.

Тут трэба прызнаць, што скасаваньне эўрапейскіх льгот Беларусі ня йдзе ні ў якое параўнаньне з тым, якая пагроза паўстала перад беларускай эканомікай з-за жорсткай пазыцыі Расеі ў справе павышэньня цаны на яе энэрганосьбіты.

Працэдура прыпыненьня гандлёвых прэфэрэнцыяў для Беларусі была ініцыяваная Радай Эўразьвязу ў жніўні 2005 году па прапанове Міжнароднай арганізацыі працы, якая не змагла пераканаць афіцыйны Менск выканаць 12 рэкамэндацыяў дзеля выкананьня ў Беларусі правоў прафсаюзаў. Гандлёвымі прэфэрэнцыямі з’яўляецца паніжэньне на 10 адсоткаў мыта на тавары, які прадаюцца на рынку краін Эўразьвязу.