Чаму звольнілі рэдактара “Роднага слова”?

Юлія Шарова, Менск Агляд недзяржаўнай прэсы за 19 сьнежня
Інтэрнэт-газэта “Салідарнасьць” зьвяртаецца да тэмы звальненьня Міхася Шавыркіна з пасады галоўнага рэдактара часопісу “Роднае слова”. У Міністэрстве адукацыі звальненьне спадара Шавыркіна патлумачылі тым, што часопіс цяпер ня здольны вытрымліваць канкурэнцыю. Аднак, як высьветлілі журналісты “Салідарнасьці”, за гэтай афіцыйнай фармулёўкай хаваюцца іншыя матывы. Насамрэч Міністэрству адукацыі не падабаецца тое, што “Роднае слова” друкуе аўтараў, якія цяпер не ў пашане ўладаў.

У Лідзе маюць усталяваць помнік заходнебеларускаму паэту Валянціну Таўлаю, піша газэта “Наша слова”. Помнік, які зробіць скульптар Ігар Голубеў, усталююць ля дамка, дзе ў свой час жыў паэт. Пра лёс Таўлая ды пра ягоныя сувязі зь Лідай апавядае рэдактар “Нашага слова” Станіслаў Суднік.

(Суднік: ) “Ягоны бацька працаваў на чыгунцы і недзе ў 1930-ыя гады пераехаў у Ліду. Таўлай пасьля 1939 году таксама пераехаў у Ліду й працаваў у лідзкай газэце. У часе вайны Таўлай быў арыштаваны немцамі. У Лідзе былі сабраныя грошы і ён быў выкуплены зь нямецкай вязьніцы. Камуністычны заходнебеларускі паэт быў выкуплены за грошы, сабраныя ў далёка небеларускім тады, паводле складу насельніцтва, горадзе Лідзе”.

У Беларусі зьменшаныя квоты на імпарт віна, паведамляе “Белгазета”. У адпаведнасьці з прынятай 11 сьнежня пастановай ураду, у 2007 годзе будзе імпартавана ўсяго 800 тысячаў дэкалітраў вінаграднага віна, у той час як сёлета гэты аб’ём склаў 1,8 мільёна. Затое практычна на гэткую ж колькасьць павялічылася квота на дастаўку вінаматэрыялаў – разьліў вінаграднага віна робіцца дзяржпалітыкай на алькагольным рынку Беларусі. Некаторыя экспэрты мяркуюць, што зьмяншэньне квоты прывядзе да звужэньня асартымэнту вінаў.