Начная аБЛОГа. 13 сьнежня

Юлія Шарова, Менск Агляд беларускага сеціва.
На форумах парталу TUT.by абмяркоўваюць навіну пра тое, што Аляксандар Мілінкевіч адмовіўся ад грашовай часткі прэміі Сахарава. Вось некалькі камэнтароў:

“Малайчына, вось так крок за крокам трэба усталёўваць свой імідж. Нажаль, да большасці беларусаў гэта інфармацыя ня дойдзе”.

“Пэўны, гэта прэмія ў 1000 разоў больш патрэбная беларускім дзецям, якім патрабуюцца дарагія замежныя апэрацыі. Іх некалькі соцен. “Рэпрэсаваныя” – перадайце прэмію дзецям, людзі дзякую скажуць!”.

“50 тысячаў эўра зь цяжкасьцю хопіць на адно дзіця для, скажам, трансплянтацыі ныркі ў Расеі… Вы лічыце, гэта нейкім чынам можа зьмяніць сытуацыю? Астатнія апэрацыі каштуюць звычайна нашмат даражэй”.

“Вам не падаецца, што тыя сотні мільёнаў даляраў, патрачаныя на будаўніцтва, напрыклад, бібліятэкі, маглі б сапраўды ўратаваць жыцьцё шматлікім няшчасным дзецям?”

На сайце Беларуская жаба зьявіўся цэлы шэраг новых каляжаў на актуальную тэму энэргетычнага крызысу. На адным з каляжаў – здымак новай газавай пліты “Гефест”, а побач – купка дроваў. Подпіс да каляжу: “Набудзь 1 студзеня 2007 году газавую пліту й атрымай падарунак – дровы звычайныя”.

Энэргетычную тэму закранае і блогер Lipkovich “Ёсьць, канечне, простае рашэньне пытаньня з мытам на нафту, якія нам закручвае ўрад Фрадкова: абвесьціць вайну Поўночная Карэі. Вось тады ўсім адразу стане не да жартаў…”

Апроч таго, у беларускім сеціве можна знайсьці шмат рэфлексіяў з нагоды ўчорашняга “Бэніфэсту Анемпадыстава” – нататкі, уражаньні ды нават грунтоўныя справаздачы пра гэтую імпрэзу можна знайсьці ў шматлікіх беларускамоўных блогах і ЖЖ-суполках.

Блогерка v_mariamna у сваім дзёньніку піша: “Упэўненая, што мы павінны ўсьлед за Ўкраінай паставіць пытаньне пра пераклад фільмаў на беларускую мову для паказу ў кінатэатрах. Хто ЗА?” Чытачы ейнага блогу камэнтуюць: “Шмат хто ЗА. На жаль гэта нічога ня зьменіць у бліжэйшы час”. “Наўрад ці ты зьбярэш хутка хаця бы 1000 подпiсаў”. “Я за. Але ж, на вялікі жаль, у нашай краіне гэта мажліва рабіць толькі на аматарскім узроўні”. “Я за! Я лічу, што гэта адзін з самых дзейсных сродкаў падняць узровень валоданьня беларусамі беларускай мовай! І зрабіць стаўленьне да яе больш станоўчым. І дамагчыся гэтага, па-мойму, ня так ужо нерэальна. Тут няма нічога зьвязанага з палітыкай, і калі яе сюды не мяшаць, дык рэальна адстаяць… Карацей, я за тое, каб зьбіраць подпісы і праводзіць агітацыю ў гэтым кірунку”.

А ў ЖЖ-суполку minsk_by завітаў нехта Sukin_sin_yakin. “Шукаю студэнтаў-менчукоў, якія нядаўна езьдзілі на стажыроўку за мяжу па лініі студэнцкага абмену… інфармацыя патрэбная для падрыхтоўкі тэлесюжэту на адпаведную тэму, – піша ён. – Апроч афіцыйнай інфармацыі цікавіць досьвед людзей… напрыклад, якія бываюць падводныя камяні, хітрыкі, праблемы, нюансы…” Камэнтары ўдзельнікаў суполкі: “Сюжэт пра гандаль беларускімі грамадзянямі за мяжой?” “Я вучылася ў БДУ і па той самай спэцыяльнасьці ў Празе ў Карлавым унівэрсітэце. Наш БДУ нічога ня варты – і па тэхнічных магчымасьцях, і па абсталяваньні памяшканьняў, і па схеме выкладаньня… і па практычнасьці”.

А на сайце Гарадзенскі блог сёньня нехта з удзельнікаў перадрукаваў такую навіну: беларускім сьвінкам у Шчучыне прывесьлі жаніхоў – 98 дацкіх кныроў. Кожны з гэтых прыгажуноў каштуе 2 тысячы даляраў. “У надыходзячым годзьдзе Сьвіньні дырэктару станцыі яўна будзе пару плюсікаў у кармане”, – рэзюмуе аўтар навіны.

Дасылайце свае ідэі ды лінкі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Таксама тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 266-39-52 і дасылайце СМС-паведамленьні на нумар 391-22-24.