На цукровых заводах Беларусі – несалодкая сытуацыя

Радыё Свабода Агляд недзяржаўных выданьняў за 13 сьнежня
Пра асаблівасьці кампаніі “мясцовыя выбары” пішуць цяпер незалежныя рэгіянальныя выданьні і, як высьвятляецца, журналістам даводзіцца мець справу з канфліктамі. Пра прычыны аднаго з іх на Магілёўшчыне паведамляе рэдактар рэгіянальнай газэты “Вольны горад” Сяргей Няроўны:

(Няроўны: ) “Спадар Гердзій, які ўзначальвае ініцыятыўную групу жыхара Чэрыкава Мікалая Царкова, падаў скаргу ў мясцовую пракуратуру. Прычыны – пасьля здачы подпісаў, відавочна ў райвыканкаме іх пабачылі і пачалі ўціск на некаторых людзей, якія паставілі свае подпісы за спадара Царкова”.

Таксама газэта “Вольны горад” паведамляе, што санітарная службы зачыніла апошнюю лазьню ў райцэнтры Крычаў. Журналісты канстатуюць, што ў мінулыя гады ні чыноўнікі, ні дэпутаты не змаглі арганізаваць рамонт будынку, у якім цячэ дах і гніюць сьцены.

У Беларусі судзяць “партызанаў”, паведамляе сёньня “Комсомольская правда”. Газэта высьветліла, чаму 39-гадовы рэзэрвіст не пажадаў зьявіцца на вайсковыя зборы. Выданьне цікавіцца: ці зможа гэты нібыта непаслухмяны бацька малога дзіцяці заплаціць штраф у памеры 930 тысяч беларускіх рублёў?

Слуцкая газэты «Інфа-кур''ер» нагадвае пра крытычную сытуацыю на ўсіх чатырох прадпрыемствах Беларусі па перапрацоўцы цукровых буракоў. Журналісты даводзяць, што крайні тэрмін захаванасьці буракоў – 20 лістапада. Тым часам на заводах застаецца яшчэ сёмая частка ўраджаю. Камэнтуе журналіст Алесь Дастанка:

(Дастанка: ) “Такое было ў 1978 годзе, і ў 1984-м, і ў 1985-м. Калі б ішлі дажджы, то яшчэ не так бы хутка гнілі буракі. Больш з-за туману гніюць. Плошча вялікая – ня ведаю як там жыхары ў жылым сэктары вытрымліваюць. На выратаваньне сытуацыі кідаюць усіх: кіроўцаў, трактарыстаў -- усіх, усіх, усіх...”.

І яшчэ інфармацыя “Комсомольской правды”. Адзін з найбагацейшых людзей сьвету Біл Гейтц аплаціў выдаткі на музыкальны дыск “Беларускія калыханкі”. Газэта паведамляе падрабязнасьці да калектыўнай працы паэтаў Уладзімера Някляева, Рыгора Барадуліна, Алеся Камоцкага ды музыкі Зьміцера Вайцюшкевіча.