С.Алексіевіч пра галадоўку А.Казуліна: "Яго не пачуюць"

Радыё Свабода Свой погляд на галадоўку Аляксандра Казуліна выклала ў “Праскім акцэнце” пісьменьніца Сьвятлана Алексіевіч.
(Алексіевіч: ) "Казулін пайшоў далей за нас усіх, ён хоча пайсьці да канца. Я мяркую, што ён – апошні прадстаўнік савецкага ідэалізму. Ягонае ўяўленьне аб барацьбе, аб формах барацьбы – яны сілкуюцца ідэаламі мінулага. І я б хацела сказаць, што гэта трагедыя– і нашага руху, і асабіста Аляксандра Ўладзіслававіча. І я б хацела яму сказаць, што час зусім іншы. Мяняюцца спосабы барацьбы. Сёньня мужнасьць патрэбная для таго, каб раней за другіх нешта сфармуляваць, зразумець, нарадзіць ідэі. Час Сьценькі Разіна, час вулічных герояў – ён прайшоў.

Я не хачу прынізіць подзьвігі тых людзей, якія выйшлі на наш беларускі Майдан, сілкуючыся водблескамі ўкраінскага пажару. Але я думаю, што сёньня патрэбныя іншыя мэтады барацьбы, мэтады паступовага будаўніцтва – партыяў, супраціву, ідэяў.

Казулін уварваўся на палітычную сцэну, для мяне ён быў супрацьвагой нашай плебейскай уладзе, яе прымітыўнасьці. Такіх людзей, як Казулін, вельмі няшмат. Я хацела б сказаць Аляксандру Ўладзіслававічу – ня трэба адчайвацца. Ягоны крок прадыктаваны адчаем, што нельга зламаць гэты мур, што людзі маўчаць, што ў той час, калі Вы гінеце, яны робяць рамонт, будуюць дамы, купляюць новую машыну.

Паколькі каналы інфармацыі закрытыя, манапалізаваныя – ягоны ціхі подзьвіг ня будзе вядомы. Гэта павінна быць відовішчам, а відовішча закрытае. Тое, што яму здаецца, што ён пракрычыць сьвету – гэта будзе задушаны крык, яго не пачуюць.

Сёньня патрэбная іншая мужнасьць, мужнасьць выжыць, мужнасьць прыйсьці да людзей і потым сабраць нейкую сваю каманду і пакрысе падточваць гэта. Гэта – не асабістае Лукашэнкі, гэта сядзіць у кожным чалавеку. Рэвалюцыю трэба зрабіць у галаве кожнага чалавека.

Я жыву ў тым жа доме, у тым жа пад''езьдзе, дзе Казулін. І я часта бачыла яго шчасьлівым: дзьве прыгожыя дачкі, ягоная жонка – было бачна, што там каханьне, заўсёды было радасна іх бачыць. Можа, героі рэвалюцыі, якая ў нас усё ніяк не адбудзецца, са мной не пагодзяцца, і, можа, Аляксандар Уладзіслававіч са мной не пагадзіцца, але я скажу: Аляксандар Уладзіслававіч, маленькае жыцьцё, Ваша асабістае жыцьцё, жыцьцё Вашых дзяцей – вышэй тых мэтаў, якія Вы ставіце. Ня трэба сьмерцю акупаць новыя ідэі. Толькі жыцьцём. Вяртайцеся да жыцьця! Адчай нам не памочнік".