БСДП (Грамада) падтрымае байкот выбараў

Радыё Свабода, Менск Сёньня Анатоль Ляўковіч, які выконвае абавязкі старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), паведаміў Радыё Свабода, што магчымы байкот мясцовых выбараў з боку БСДП (Грамада). Са словаў суразмоўцы, яшчэ месяц таму на партыйным пленуме разглядалася тактыка ўдзелу партыі ў выбарах і ўжо тады прагучалі прапановы байкатаваць іх. “Цяпер рашэньне практычна сасьпела, бо калі Лукашэнка заяўляе пра фальшаваньне прэзыдэнцкіх выбараў, то несапраўднымі будуць і гэтыя”, -- падкрэсьлівае Анатоль Ляўковіч.
Са словаў партыйнага лідэра, БСДП (Грамада) больш як 130 сяброў партыі сабралі неабходную колькасьць галасоў для вылучэньня кандыдатамі ў дэпутаты мясцовых саветаў.

Сёньня ў Беларусі завяршаецца адзін з самых асноўных этапаў выбарчай кампаніі. Кандыдаты ў дэпутаты, якія вылучыліся шляхам збору подпісаў, а таксама працоўнымі калектывамі ці палітычнымі партыямі, мусяць здаць у выбарчыя камісіі на праверку неабходныя дакумэнты.

Напярэдадні ў Менску адбыўся нечарговы з’езд Партыі камуністаў беларуская, які прапанаваў усім прэтэндэнтам ПКБ у кандыдаты дэпутатаў мясцовых саветаў зьняць свае кандыдатуры.