Берасьце: справаздача ўправы па ідэалёгіі зьнікла з сайту аблвыканкаму

Радыё Свабода З афіцыйнага сайту Берасьцейскага аблвыканкаму зьнікла справаздача ўправы ідэялягічнай работы пра грамадзка-палітычную сытуацыю ў рэгіёне.
Як ужо паведамляла Радыё Свабода, у гэтай справаздачы зроблены аналіз дзяржаўных і незалежных сродкаў масавай інфармацыі на Берасьцейшчыне, дадзеная ацэнка дзейнасьці палітычных партыяў у рэгіене. Асаблівая увага ў справаздачы была скіраваная на існаваньне незарэгістраваных моладзевых суполак, якія часьцей за ўсё зьяўляюцца ініцыятарамі правядзеньня такіх акцыяў як флэш-мобы.

Зьмест справаздачы выклікаў вялікую цікавасьць у інтэрнэт-карыстальнікаў. Але цяпер доступу на старонку на афіцыйным сайце Берасьцейскага аблвыканкаму, дзе была зьмешчаная справаздача, няма. Ёсьць падставы меркаваць, што ад пачатку гэты дакумант ня быў прызначаны для агульнага карыстаньня.