<b/>Урад павялічыў мыты на імпарт шэрагу спажывецкіх тавараў

Міхал Стэльмак Савет Міністраў ухваліў пастанову павысіць мыты на шэраг імпартных спажывецкіх тавараў — на 20—30 адсоткаў. Назіральнікі мяркуюць, што дакумэнт закранае інтарэсы дробнага бізнэсу й спажыўцоў. Ці падвысяцца цэны пасьля гэтага рашэньня?
Урадавая пастанова падвышае мыты на імпартныя тавары, якія карыстаюцца шырокім попытам. У гэтым сьпісе пральныя сродкі, абутак, інструмэнты ды іншыя тавары, якія ўвозяць пераважна дробныя прадпрымальнікі. У дэпартамэнце прадпрымальніцтва Міністэрства эканомікі пацьвердзілі, што выйшаў такі дакумэнт. Аднак яго кіраўніцтва адмаўляе, што ўдзельнічала ў яго падрыхтоўцы. Намесьнік дырэктара дэпартамэнту Яўген Сямёнаў кажа:

(Сямёнаў: ) “Пастанова прынятая 23 лістапада. Памераў мытаў мы не вызначаем. Таму нічога не магу пракамэнтаваць”.

У прадпрымальніцкіх шэрагах пастанова атрымала гучны розгалас. Старшыня рэспубліканскай каардынацыйнай рады дробных бізнэсоўцаў Анатоль Зьмітровіч кажа:

(Зьмітровіч: ) “Гэтая пастанова для прадпрымальнікаў бязрадасная. Прадпрымальнікі будуць плаціць мыта 30 працэнтаў на абутак і плюс 2 эўра за кожную пару абутку, які ўвозіцца. За год гэты бізнэс будзе зьнішчаны дзяржавай. “Беллегпрам” абараняе сваіх вытворцаў. Гэта зразумела”.

Паводле прадстаўнікоў “Беллегпраму”, цэны на айчынны абутак не павялічацца. У той жа час дробныя бізнэсоўцы, паводле спадара Зьмітровіча, будуць вымушаныя перакласьці фінансавы цяжар на плечы спажыўцоў. Прадпрымальнікі абураныя, што ўлады прынялі дакумэнт насуперак абяцаньням. Гандлярка Ірына Залеўская зь Менску кажа:

(Залеўская: ) “То бок стабільнасьці наагул нуль — поўны. Той жа прэзыдэнт падчас выбарчай кампаніі (я добра запомніла яго выступ) казаў, каб не пагоршыць умоваў прадпрымальнікаў. Пасьля гэтага праз два-тры месяцы пачынаецца “не пагаршэньне”. Кожны дзень новая пастанова. Не адна, дык другая, трэцяя… Навошта нам гэтыя пастановы?”

Ва ўрадавым дакумэнце гаворыцца, што мыты ўводзяцца часова — на дзевяць месяцаў. Прадпрымальнікі лічаць інакш. Яны мяркуюць, рашэньне прынялі ў зьвязку з плянаваным ростам коштаў на расейскія энэрганосьбіты. Лідэр кампаніі “За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва” Віктар Гарбачоў кажа:

(Гарбачоў: ) “Агульны пункт гледжаньня: гэта выкананьне той каманды, якую даў прэзыдэнт, каб спаганяць адкуль толькі можна сродкі, каб разьлічыцца за газ, за нафту. Гэта толькі пачатак тых дзеяньняў, адкуль спаганяць рэсурсы”.