Магілёўскі праваабарончы цэнтар гатовы кантраляваць магілёўскія турмы

Радыё Свабода Магілёўскі праваабарончы цэнтар зьвярнуўся ва ўправу юстыцыі Магілёўскага аблвыканкаму з просьбай увесьці ў склад грамадзкай назіральнай камісіі прадстаўнікоў іхняй арганізацыі.
Згодна з пастановай ураду ад 15 верасьня 2006 году, грамадзкая назіральная камісія фармуецца з прадстаўнікоў грамадзкіх аб’яднаньняў і ажыцьцяўляе грамадзкі кантроль за дзейнасьцю турмаў. Магілёўскія праваабаронцы ў сваім звароце падкрэсьліваюць імкненьне да канструктыўнай супрацы зь дзяржаўнымі органамі ў галіне абароны правоў чалавека.

Паводле магілёўскіх праваабаронцаў, у Магілёўскай вобласьці дзьве турмы, адна зь іх сьледчая. Акрамя таго, у Магілёве, Бабруйску, Горках і Шклове разьмешчаныя калёніі агульнага й строгага рэжымаў. У Магілёве, Бабруйску і райцэнтрах вобласьці месьцяцца гэтак званыя “хімікі”.

Магілёўскі праваабарончы цэнтар супольна з БХК ад 1999 году актыўна дзейнічае ў асяродку зьняволеных. На просьбу адміністрацыі Шклоўскай калёніі праваабаронцы неаднойчы наладжвалі юрыдычныя кансультацыі зьняволеным. У бібліятэкі турмаў і калёніяў перадавалі кнігі, буклеты, брашуры з тэкстамі міжнародных пагадненьняў, дамоваў, дэклярацыяў, ратыфікаваных Рэспублікай Беларусь. Акрамя таго, магілёўскія праваабаронцы вядуць нефармальны кантроль за дзейнасьцю турмаў.