Аб’яўляю галадоўку ў падтрымку Аляксандра Ўладзіслававіча. І хачу падмяніць яго...

Радыё Свабода Агляд званкоў на "Свабоду" за аўторак, 28 лістапада. 24 гадзіны на суткі ў Менску працуе тэлефон “Свабоды” 266-39-52. Тэлефануйце, дзяліцеся навінамі, а таксама выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў ў Беларусі і сьвеце. Тэлефон "Свабоды" – гэта вольны мікрафон. Права выказацца мае кожны. Нам таксама можна дасылаць смс-паведамленьні. Нумар мабільнай сувязі 8-029-391-22-24.
(Марыя Іванаўна, в. Квасоўка, Гарадзенскі р-н) “Добры дзень, паважанае Радыё Свабода! Аб’яўляю галадоўку ў падтрымку Аляксандра Ўладзіслававіча. І хачу падмяніць яго. Хопіць Вам галадаваць. Буду я праводзіць галадоўку. Аляксандр Уладзіслававіч, Вы нам патрэбныя, каб заступіцца за нас. 12 гадоў мы жывем у бяспраўі і зьдзеках, адбіраюць апошняе і самі сыцеюць нахабна на вачах. Два гады не гляджу тэлебачаньне. Не хачу іх бачыць. У мяне ўсё. Абавязкова перадайце па Радыё Свабода. Няхай усе чуюць. Прашу Вас”.

(Зіноўеў:) “Прапаную Белтэлерадыёкампаніі ў Дзень чэкіста папесьціць тэлегледачоў фільмама Эльдара Разанава “О бедном гусаре замолвите слово”. Дзякуй”.

(Спадар, Маладэчна:) “Афіцыйная ўлада, калі ёй хочацца апраўдацца перад Эўропай, тое, на што Эўропа робіць націск, мінімізуе. І тое, чым ня трэба было б выхваляцца, яна выстаўляе. Яна лявіюе й ніяк наўпрост не адказвае на сустрэчныя пытаньні Эўропы. І зусім пэўна забыліся, што можна пасадзіць у залатую клетку і абсыпаць жэмчугамі і каралямі, напрыклад, муж жонку. Але свабоды ж няма. Такая жонка ня будзе мужа кахаць, таму што яна нявольніца, яна не свабодная. Таму тое, што тут будуецца…Дык будуецца і ў суседняй Літве. Там краны вежавыя стаяць, увесь горад у іх. Разьвязкі дарог пабудавалі, і ніхто там на ўсю Літву не крычыць, тым больш на ўсю Эўропу. Нармальна разьвіваецца, дэмакратычна разьвіваецца. Свабода – вось у чым у нас пытаньне. Дзякуй”.

(Спадар:) “Добры дзень. Я думаю, Вас ня зьдзівіць тое, што тэлефануе чалавек, які зь першага дня ацаніў па справах і па думках нашага прэзыдэнта. Наш прэзыдэнт (я пачну адразу са справы, каб доўга не размусольваць) расходуе 90% сваёй энэргіі на тое, каб стрымаць раскраданьне Беларусі. І толькі 10 % ён можа аддаць на тое, каб мы жылі лепш. Вось гэтыя ўсе галасы, якіяі патрабуюць: “Мы цябе абралі, Аляксандр Рыгоравіч, дай нам каўбасы, дай нам машыны” – гэта рабы ў душы. Яны будуць абіраць новых прэзыдэнтаў пастаянна. Я думаю, ёсьць сэнс задумацца пра тое, што мы яшчэ не адчуваем сябе гаспадарамі гэтай зямлі, а імкнемся да пакою з залатым запасам у банку, то бок там, дзе ляжаць зьліткі, вобразна кажучы. Патрыёт і свабодны чалавек – гэта гаспадар сваёй зямлі. Мы яшчэ пакуль не навучыліся, але я веру, што мы навучымся быць гаспадарамі. І Бог паслаў нам такога чалавека. Я думаю, Вы верыце, што я гавару шчыра. Дзякуй”.

(Спадарыня:) “Я цалкам падтрымліваю зварот Ірыны Казулінай да сусьветнай грамадскасьці, да краінаў Вялікай васьмёркі. Спадзяюся, яе адчайны крык пачуе сьвет і краіны Вялікай васьмёркі. Посьпехаў Вам, Ірына. Ёсьць надзея, што сьвет не бяз добрых людзей”.

(Спадар:) “Наконт СНД. Гэта клюб дыктатараў і паўдыктатараў азыяцкага пляну. Я ня маю на ўвазе геаграфію. Ім неабходна перыядычна “патусавацца” сярод такіх, як самі. Лёсавызначальных рашэньняў для сваіх народаў яны не прымаюць, а толькі цешаць свае псыхакомплексы. Лічу, што ў гэтай структуры няма будучыні. Але некаторых лідэраў вельмі цешыць магчымасьць езьдзіць на саміты, паколькі іх наогул мала куды запаршаюць. Дзякуй”.