Болей за іншых паляць навучэнцы ПТВ, беспрацоўныя, і службоўцы

Ігар Карней, Менск Двойчы на год адзначаюцца дні, прысьвечаныя праблеме паленьня тытуню: 31 траўня – Усясьветны дзень без тытунёвага дыму і трэці чацьвер лістапада – Міжнародны дзень адмовы ад паленьня. Абодва дні зьявіліся зь ініцыятывы Міжнароднага таварыства анколягаў. Мэта – прыцягнуць ўвагу грамадзкасьці да нэгатыўных мэдычных наступстваў паленьня.
Паводле зьвестак Міністэрства аховы здароўя, у Беларусі паляць 42% насельніцтва (зь іх 64% мужчын і 19% жанчын). Для параўнаньня: у Расеі паліць 37% жыхароў, ва Ўкраіне – 36%, у Японіі – 31%, у Вялікай Брытаніі – 25%, у Гішпаніі – 21%, у ЗША – 22%.

Лекар-гігіеніст адной зь менскіх клінік Алена Афанасева кажа, што даказаная сувязь паміж ужываньнем тытуню з 12 формамі раку. Каля 30% усіх пухлінаў і сьмяротных вынікаў ад анкалёгіі так ці інакш зьвязаныя з паленьнем. За апошнія 10 гадоў у Беларусі з 338 000 хворых на рак 101 000 захварэлі паленьня. Менавіта таму, як кажа спадарыня Афанасева, можна зразумець страх бацькоў, якія перакананыя: іх дзеці прызвычайваюцца да паленьня яшчэ ў школе.

(Афанасева: ) “Гэта праблема адназначна дзяржаўнага ўзроўню і патрабуе ўдзелу як дзяржаўных структураў, так і прыватных, грамадзкіх аб’яднаньняў. Так што, на сёньняшні дзень праблема вельмі значная. У мяне ўвогуле склалася ўражаньне, што ў кожнай школе колькасьць тых, хто паліць, пастаянна расьце; прыходзяць бацькі, якія ня ведаюць, што рабіць, абураюцца, скардзяцца. Ім адназначна патрэбная дапамога”.

Да 90 % людзей пачынаюць паліць з маладосьці. У 7-8 клясах беларускіх школаў сыстэматычна паляць да 10% вучняў; у 9-10 – ужо каля 20%. Ва ўзросьце 15-19 гадоў паляць да 40% юнакоў і 7% дзяўчат. Амэрыканскія дасьледчыкі сьцьвярджаюць, што менавіта маладыя людзі, якія запалілі да 18 гадоў, ня могуць разьвітацца з цыгарэтай да канца жыцьця.

У заходніх краінах з паленьнем змагаюцца рознымі спосабамі. Усё больш пашыраецца сьпіс грамадзкіх месцаў, дзе паліць забаронена. На цыгарэтных пачках усё часьцей зьмяшчаюць ня толькі папераджальныя надпісы пра шкоду паленьня, але і візуальны малюнак – прыкладам, выяву лёгкіх хворага на рак.

У Беларусі ў кавярнях чалавек з цыгарэтай – справа звыклая. Адзін з рэдкіх рэальных крокаў – забарона на продаж тытуню мэтадам самаабслугоўваньня. Гандляр мусіць асабіста пераканацца, што курцу ёсьць 18 гадоў.

Каардынатар Усясьветнай арганізацыі аховы здароўя супраць паленьня Ўладзімер Сякач кажа: нават ініцыятыва разнастаіць папераджальныя надпісы на пакунках не знайшла вялікай падтрымкі.

(Сякач: ) “Калі мы прапаноўвалі, каб гэтыя надпісы былі розныя і зьмяняліся пэрыядычна раз на квартал ці хоць бы раз на паўгоду, каб вока не прывыкала, то ў дакумэнце гучыць такі выраз – “…друкуецца адзін з гэтых надпісаў”. А таму атрымліваецца, што вытворцы юрыдычна самі вольныя гэтыя надпісы выбіраць. Але ў любым выпадку я лічу, што гэта ўсё роўна зрух”.

Згодна з дадзенымі маніторынгу Міністэрства аховы здароўя Беларусі, болей за іншых паляць працаўнікі сельскай гаспадаркі. Пасьля ідуць навучэнцы ПТВ, беспрацоўныя, студэнты, службоўцы.