Любоў Лунёва, Менск У шэрагу гарадоў Беларусі і за межамі краіны адбыліся акцыі салідарнасьці зь беларускімі палітвязьнямі і сем’ямі зьніклых. У Менску а 20-й гадзіне некалькі дзясяткаў актывістаў моладзевага дэмакратычнага руху сабраліся ля будынку чыгуначнага вакзалу са сьвечкамі ў руках.
Празь некалькі хвілін пасьля пачатку акцыю разагналі супрацоўнікі міліцыі. Запаленыя ўдзельнікамі акцыі сьвечкі засталіся пры гэтым на зямлі, і людзі яшчэ доўгі час бачылі іх – пакуль міліцыянты ня выклікалі спэцназаўцаў, якія пачалі гасіць сьвечкі нагамі.
Байцы спэцназу затрымалі 9 удзельнікаў акцыі, а таксама чацьвярых фотакарэспандэнтаў, якія прысутнічалі на акцыі. Усіх затрыманых завялі ў дзяжурную частку лінейнага аддзелу міліцыі на чыгуначным вакзале.
Пасьля праверкі дакумэнтаў журналістаў адпусьцілі.
У гэты самы час адбывалася яшчэ некалькі акцыяў салідарнасьці – ня толькі ў Менску, але і ў рэгіёнах. На Берасьцейшчыне моладзь вывешвала партрэты зьніклых і палітвязьняў. У Салігорску моладзевыя актывісты правялі флэш-моб, а таксама ланцуг салідарнасьці.