Берасьцейскіх актывістаў кампаніі “За свабоду” будуць судзіць

Паводле БелаПАН Дзесяць актывістаў кампаніі "За свабоду", затрыманыя ў Берасьці 16 кастрычніка ў часе акцыі салідарнасьці з палітычнымі зьняволенымі, атрымалі позвы ў суд.
11-13 лістапада ім тэлефанавалі зь міліцыі й запрашалі ў Маскоўскае РАУС для размовы. У дачыненьні да маладых людзей былі складзеныя пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэньні, прадугледжаным артыкулам 167-1 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэньнях (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве), і былі ўручаныя позвы ў суд. Суд прызначаны на 15 лістапада.

Большасць з тых, хто атрымаў позвы, вылучаюцца кандыдатамі ў дэпутаты ў мясцовыя саветы альбо зьяўляюцца чальцамі ініцыятыўных групаў па зборы подпісаў.

У Берасьці акцыя 16 кастрычніка распачалася на Кобрынскім мосьце. Больш за 20 чалавек зь вялікімі літараім на грудзёх, зь якіх быў складзены надпіс "Свабоду палітзьняволеным", сталі ў шэраг. Іх віталі кіроўцы, якія праяжджалі паўзь іх. Праз 20 хвілінаў да ўдзельнікаў акцыі пад''ехала патрульная машына з супрацоўнікамі міліцыі, якія прапанавалі моладзі разысьціся. Удзельнікі акцыі рушылі ў бок вуліцы МОПРа, дзе запалілі сьвечкі й паспрабавалі ўтварыць замкнёны ланцуг.

Пасьля гэтага супрацоўнікі міліцыі затрымалі 14 чалавек і даставілі іх у апорны пункт аховы правапарадку. Там з актывістамі былі праведзеныя прафіляктычныя размовы, іх пашпартныя зьвесткі перапісаныя, пасля чаго маладых людзей адпусьцілі. Пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэньні йзатрыманні не складаліся.