С.Маркаў: "Расея і Беларусь дамовяцца пра цэны на газ па армянскім варыянце"

Уладзімер Глод, Менск Сёньня, як чакаецца, у Маскве адбудзецца сустрэча паміж Уладзімерам Пуціным і Аляксандрам Лукашэнкам. Кіраўнікі дзьвюх дзяржаваў маюць абмеркаваць найбольш вострыя пытаньні двухбаковых адносінаў, у першую чаргу цэнаў на газ і нафту.
Дырэктар Інстытуту палітычных дасьледаваньняў у Маскве, сябра Грамадзкай палаты пры прэзыдэнту Расеі Сяргей Маркаў гаворыць, што Расея, перадусім, будзе ўздымаць пытаньне аб падвышэньні цэнаў на газ для Беларусі бліжэй да ўсясьветных.

(Маркаў: ) "Для кіраўніцтва Расеі, з аднаго боку, важна ціснуць на Лукашэнку, каб стымуляваць інтэграцыю дзьвюх эканомік, прынамсі, перайсьці на адзіную валюту. З другога боку, калі Расея пабольшыць кошты нават для Беларусі, гэта дае ёй магчымасьць ўздымаць цэны вышэй і для ўсіх іншых краінаў, зь якімі яна цяпер вядзе даволі складаныя перамовы. Таму, я думаю, што ўсё скончыцца гэтак званым армянскім варыянтам, калі кошт газу для Беларусі стане вышэйшым, але нязначна. Праўда, пры гэтым Беларусь мусіць будзе прадставіць Расеі нейкія іншыя кампэнсацыі".