Генэральны сакратар ХДЗ патрабуе вызваленьня палітвязьняў у Беларусі

Алесь Дашчынскі, Менск Генэральны сакратар Хрысьціянска-дэмакратычнага зьвязу, дэпутат Бундэстагу Рональд Пофала заклікаў неадкладна вызваліць усіх палітвязьняў у Беларусі і запатрабаваў павагі да прынцыпаў прававой краіны. Гэтыя заклікі прагучалі на беларуска-нямецкім форуме ў Менску.
Генэральны сакратар ХДЗ заявіў, што кіраўніцтва Нямеччыны выступае супраць гвалту і дыктатуры, і такая пазыцыя прывяла да візавых санкцый з боку Эўразьвязу адносна шэрагу беларускіх чыноўнікаў. Рональд Пофала заявіў, што “гэта моцны сыгнал для тых, каго гэта тычыцца. Гэты сыгнал азначае, што за вамі назіраюць. Вашы імёны занесены ў картатэку, і вам трэба лепш сёньня, чым заўтра спыніць падаўленьне свабоды і дэмакратыі”. Ён запэўніў, што Эўразьвяз і Нямеччына будуць падтрымліваць тых, хто выступае за свабодную Беларусь, і накладаць санкцыі на тых, хто перашкаджае гэтаму.

Рональд Пофала сустрэўся таксама зь лідэрам аб’яднанай апазыцыі Аляксандрам Мілінкевічам.