Крымінальная справа супраць актывіста Саюза палякаў

Сяргей Астраўцоў, Горадня Затрыманы Мечыслаў Яскевіч — адзін з кіраўнікоў Саюзу палякаў, які не прызнаюць улады
Мечыслаў Яскевіч знаходзіцца ў спэцпрыёмніку Кастрычніцкага РАУС Горадні. Ён — намесьнік Анжалікі Борыс. Яго затрымалі ўчора пасьля 22 гадзінаў на тралейбусным прыпынку. Паводле міліцыянтаў, ён нібыта ўчыніў бойку, таму супраць яго распачата крымінальная справа паводле артыкула 339 — за хуліганства.

Пра затрыманьне стала вядома толькі сёньня. Журналіст і актывіст Саюзу палякаў Андрэй Пачобут зазначае, што крымінальная справа супраць Яскевіча выглядае як адказ уладаў на учорашнюю заяву Галоўнай рады СПБ адносна перасьледу польскай меншасьці.