Ці магчыма перапыніць продаж сурагатных напояў?

Галіна Абакунчык, Менск Ці магчыма перапыніць продаж сурагатных напояў? Як гэта можна зрабіць? Гэтае пытаньне людзям на вуліцах Менску задавала наша карэспандэнтка.
(Юначка: ) “Так, я думаю, што гэта магчыма, але ў нашай краіне гэта адбудзецца ня вельмі хутка. Бо алькаголь у нас стаў такой базіснай рэччу, як, да прыкладу, нерухомасьць”.

(Юнак: ) “Верагодна, што так. Але для гэтага неабходная пэўная дзяржаўная палітыка. А як дакладна, я, па праўдзе сказаць, нават не задумваўся”.

(Юначка: ) “Ня ведаю, але, пэўна, так. Гэта дзяржава павінна рабіць. Ну і грамадзтва павінна нейкія высілкі прыкласьці”.

(Спадар: ) “Ня ведаю, але, пэўна, гэта нерэальна. Народ як гнаў самагонку, так і будзе гнаць. Трэба падвышаць культуру піцьця. Каб былі адпаведныя ўстановы, каб людзі не імкнуліся піць таннае пойла”.

(Спадарыня: ) “Мне падаецца, што кожны на сваім месцы павінен сачыць, пачынаючы ад сям’і, школы і гэтак далей. А моладзь, што п’е, трэба загрузіць працай так, каб не хадзілі і не пілі”.

(Юнак: ) “Я, да прыкладу, ведаю, што ў бабуляў прадаюць падпольна. Яе сыны прывозяць з Расеі і прадаюць тут. Сівуха называецца, па 2,5 тысячы, а ў нас па 5. Але, пэўна, зрабіць яшчэ больш таньнейшай гарэлку таксама немагчыма. Проста ўчастковыя ведаюць такія рэчы і павінны іх адсочваць ды выкараняць”.

(Юнак: ) “Трэба сапраўдную гарэлку маркіраваць адмыслова, каб людзі ведалі, што іншай можна атруціцца”.

(Спадар: ) “Найперш трэба стварыць культуру піцьця: адкрыць адмысловыя ўстановы, каб чалавек мог выпіць і закусіць. Паглядзіце за мяжой – так нічога гэтага не забаронена, і людзей п’яных няма. Толькі культура піцьця, і ўсё”.

(Юнак: ) “Тыя людзі, якія ня маюць дастаткова грошай, яны і набываюць танныя сурагатныя напоі, каб на астатнія грошы існаваць. Трэба падвышаць заробкі”.

(Юначка: ) “Мне падаецца, што адзін з крокаў на гэтым шляху – гэта аднавіць продаж алькаголю ў начны час. Бо людзі ўсё роўна шукаюць гэты алькаголь і знаходзяць, не зважаючы на якасьць”.