Як ставіцца Зьміцер Дашкевіч да судзьдзі Алы Булаш?

Алег Грузьдзіловіч, Менск Якія словы прасіў перадаць судзьдзі Але Булаш асуджаны лідэр “Маладога фронту” Зьміцер Дашкевіч? Аляксандр Казулін і Сяргей Скрабец у калёніі падтрымліваюць адзін аднаго. Ці дазволяць Міколе Статкевічу сустрэцца з бацькам? Пасьля перанесенай апэрыцыі “хімік” Артур Фінькевіч выходзіць на працу.
На гэтым тыдні яшчэ на аднаго палітвязьня ў Беларусі стала болей – на паўтара года зьняволеньня быў асуджаны лідэр “Маладога фронту” Зьміцер Дашкевіч. Судзьдзя Ала Булаш з Кастрычніцкага суду Менска прызнала яго вінаватым у дзейнасьці ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Зьміцер застанецца ў менскім сьледчым ізалятары, пакуль ня будзе разгледжаная ягоная скарга на прысуд, паведаміў адвакат апазыцыянэра Аляксандр Галіеў. А 2 лістапада ў ізалятары са Зьмітром бачыўся ягоны бацька Вячаслаў Дашкевіч. Паводле яго, Зьмітра перавялі ў іншую камэру, дзе ня так шмат людзей, затое холадна. Акрамя бытавых падрабязнасьцяў бацька лідэра “Маладога фронту” паведаміў пра такую акалічнасьць:

(Дашкевіч: ) “Я калі з сынам сустракаўся, казаў яму, што ў наступны чацьвер зноў пайду да судзьдзі па дазвол на спатканьне, дык спытаў, можа што ёй перадаць, можа прывітаньне? Ён адказаў: “Перадай ёй Боскае бласлаўленьне”.

Дадам, што ўжо на другі дзень пасьля суду арганізацыя “Міжнародная амністыя” прызнала Зьмітра Дашкевіча вязьнем сумленьня.

Ужо 16 дзён у віцебскай калёніі “Віцьба-3” галадуюць экс-кандыдат на прэзыдэнта Аляксандр Казулін і былы дэпутат Сяргей Скрабец. Толькі праз два тыдні сваякі Казуліна атрымалі ад яго першы ліст. Вось што палітык піша пра тое, як яны з Сяргеям Сркабцом падтрымліваюць адзін аднаго. Дачка Казуліна Юля:

(Казуліна: ) “У галадоўку ўвайшоў нармальна, тым больш галадую разам з такім дасьведчаным у галадоўках чалавекам, як Сяргей Скрабец. Пра Скрабца тата напісаў: “Гэта мой баявы сябра і духоўны брат”.

Дарэчы, Сяргей Скрабец у першым за часы галадоўкі лісьце напісаў, што ўдзячны лёсу за сустрэчу з Аляксандрам Казуліным, якога ён лічыць выдатным чалавекам. Пра гэта распавядала жонка палітыка Аляксандра Скрабец. “Магчыма, ў сярэдзіне кастрычніка я выйду на волю”, паведаміў Сяргей Скрабец у апошнім лісьце да хаты. А вось Аляксандру Казуліну знаходзіцца за кратамі яшчэ 5 гадоў.

Лідэр сацыял-дэмакратаў Мікалай Статкевіч, якога асудзілі на 2 гады “хіміі” з верасьня ня можа спаткацца з бацькам. Палітыка не выпускаюць на выходныя ў Баранавічы, дзе жыве ягоны бацька. Мікалай Статкевіч спадзяваўся, што забарону здымуць на гэтыя выходныя, але – дарэмна.

(Статкевіч: ) “Тая самая амаль што схема, што і на мінулыя выходныя. Тады мяне выклікалі ў камэндатуру ў вёску Сітнікі, сказалі, што дазвол дадуць, а потым не далі. А ўчора адбылося фактычна тое самае, толькі што мяне нікуды не выклікалі. У 17 гадзінаў па тэлефоне паведамілі, што дазволяць зьездзіць да бацькі ў Баранавічы, нават сказалі , што ўсё ўзгоднена з кім трэба. Але праз 50 хвілінаў зноў патэлефанавалі і, спаслаўшыся на нейкі званок, сказалі, што нельга”.

Тое, што адбываецца з ягонымі адпачынкамі, палітык называе “трывалым псыхалягічным ціскам”.

Некалькі тыдняў мінула ад апэрацыі на назе, якую зрабілі актывісту “Маладога фронта” Артуру Фінькевічу. Нагадаю, Фінькевіч адбывае паўтара года “хіміі” у Магілёве. Юнак не выключаў, што па стане здароўя яго вызваляць ад працы, але паслабленьня не атрымаў. “4-га лістапада, хутчэй за ўсё, зноў выйду на працу”, напярэдадні сказаў мне Артур Фінькевіч. Актывіст працуе на прадпрыемстве, якое вырабляе будаўнічыя матэрыялы. На волю Артур Фінькевіч выйдзе ў сьнежні будучага году. Ён кажа, што на амністыю не спадзяецца. Нагадаю, асудзілі Фінькевіча за графіці палітычнага зьместу напярэдадні сакавіцкіх выбараў.