У аўтааварыі пад Віцебскам загінулі 6 чалавек

Радыё Свабода, Віцебск Аварыя адбылася на шашы "Віцебск—Ворша". У выніку лабавога сутыкненьня двух аўтамашын пацярпелі 7 чалавек, з іх шасьцёра загінулі на месцы.
Паводле папярэдняй вэрсіі ДАІ, кіроўца легкавога "Мэрсэдэсу" не справіўся з кіраваньнем на сьлізкай дарозе. Не выключаецца, што мела месца і перавышэньне дазволенай хуткасьці. Легкавік вынесла на паласу сустрэчнага руху, дзе ён сутыкнуўся з грузапасажырскім мікрааўтобусам "Фольксваген-Транспарцёр".

Кіроўца мікрааўтобуса ў цяжкім стане быў дастаўлены ў шпіталь. Кіроўца і чацьвёра пасажыраў "Мэрсэдэсу", а таксама адзін пасажыр мікрааўтобуса загінулі на месцы.

Як адзначаюць у абласной службы ДАІ, паводле колькасьці ахвяраў гэта дарожнае здарэньне можна лічыць самым сур''ёзным на тэрыторыі Віцебшчыны за апошнія некалькі год.

Прычыны аварыі будуць высьветляць сьледчыя органы, узбуджаная крымінальная справа.