22-гі дзень галадоўкі пратэстантаў: 4 шпіталізаваныя, 1 у рэанімацыі (фота)

Альгерд Невяроўскі, Менск Галадоўка вернікаў-пратэстантаў у абарону царквы “Новае жыцьцё” трывае 22-гі дзень. Сёньня шпіталізавалі 35-гадовага Эдуарда Амельчука. У яго галавакружэньне й боль у нырках. Шпіталізаваную ўчора 52-гадовую Вольгу Крышнёву зьмясьцілі ў рэанімацыю. У шпіталі таксама знаходзяцца Натальля Іванова і Тацяна Варанцова. Нягледзячы на праблемы са здароўем многія вернікі спыняць акцыі не зьбіраюцца.
Паводле падлікаў пратэстантаў, у галадоўцы на сёньняшні дзень удзельнічаюць 117 чалавек па ўсёй Беларусі, 31 чалавек знаходзіцца штодня ў будынку царквы. 7 чалавек трымаюць галадоўку зь першага дня яе абвяшчэньня, яшчэ больш як два дзясяткі далучыліся пазьней. Сёньня да галадоўнікаў зноў прыехала машына хуткай дапамогі. Дактары забралі Эдуарда Амельчука, які галадае 18-я суткі. Вось што спадар Амельчук сказаў “Свабодзе”:

(Амельчук: ) “18-ты дзень трымаю пост. Кружыцца галава, ныркі баляць. Учора бралі аналіз крыві, сказалі, што нейкія паказьнікі перавышаныя ў дзесяць разоў. Цяпер прыехала хуткая дапамога, і сказалі, што забіраюць. Дзеля гэтага я нарадзіўся і прыйшоў у сьвет — каб стаяць за праўду. І калі я калісьці ня меў магчымасьці змагацца супраць Брэжнева, то за Ісуса Хрыста я гатовы пакласьці сваё жыцьцё. Таму што Ён аддаў сваё жыцьцё за маё”.

Яшчэ ў горшым стане Вольга Крышнёва. Учора галадоўніцу адвезьлі ў аддзяленьне інтэнсіўнай тэрапіі й рэанімацыі раённага шпіталю пасёлку Бараўляны пад Менскам. У спадарыні Крышнёвай зафіксавалі парушэньне сардэчна-сасудзістай дзейнасьці. Некалькі дзён таму ў шпіталь трапілі галадоўніцы Натальля Іванова і Тацяна Варанцова. Яшчэ некалькі чалавек пасьля абсьледаваньня мэдыкамі выходзяць з галадоўкі.

Некаторыя вернікі, нягледзячы на кепскі стан здароўя, спыняць галадоўку й класьціся ў шпіталь адмаўляюцца. Гаворыць Тацяна Трушкевіч:

(Трушкевіч: ) “Лекары мяне агледзелі й прапанавалі выйсьці з гэтай галадоўкі, бо ў мяне праблемы з сэрцам. Але я адмовілася. Я адчуваю, што павінна быць тут. Тут ідзе вайна за маю нацыю. Ня толькі за мяне ці нейкі кароўнік, але за ўсю маю нацыю. Таму я буду стаяць да канца, і Бог мне дапаможа. Я ў гэта веру”.

Месца тых, хто выбыў з галадоўкі, занялі новыя тры чалавекі. Сярод іх журналістка Ася Трацюк:

(Трацюк: ) “Калі склалася такая сытуацыя, калі я бачу, як царква, народ Божы паўстаў супраць уладароў сьвету — натуральна, застацца ўбаку я не змагла. І як верніца, і як журналіст. Таму з моманту пачатку галадоўкі я пісала пра яе матэрыялы. Прыходзячы сюды на службы, камунікуючы зь людзьмі, я бачыла, што не местачковыя інтарэсы кіруюць імі, а жаданьне, каб нашая Беларусь была выратаваная”.

Юрыст царквы “Новае жыцьцё” Сяргей Луканін сказаў, што кіраўніцтва супольнасьці сочыць за здароўем галадоўнікаў і, калі трэба, адразу ж выклікаюць хуткую дапамогу. Але кіраўніцтва Міністэрства аховы здароўя адмаўляецца арганізаваць сталы мэдычны нагляд за галадоўнікамі.


Эдуард Амяльчук


Вольга Крышнёва


Лекары хуткай дапамогі