“Наша ніва” 100 гадоў таму: “Сацыялісты аб’ядналіся ў Менску…”

Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Тэма выбараў у Дзяржаўную думу на старонках “Нашай Нівы”
Рэдакцыйна артыкул “Нашай Нівы” ад 14 сьнежня прысьвечаны абвяшчэньню дня выбараў у Дзяржаўную Думу. Газэта піша: …думаюць нашы “апекуны”, як яны самі прыгатуюць законы аб новых парадках і “свабодах”, то Дума ня будзе мець ніякой іншай работы, як толькі прыняць і падпісацца пад іхнімі “пісаннямі”. Вось і стараецца цяпер уселякае начальства, каб у Думу папалі дэпутатамі толькі паслушные яму, начальству, самые “благонадёжные” людзі… Але народ ужо ведае, якая цэна чыноўніцкіх законаў і цыркуляроў, што выходзяць з канцылярыёў міністроў, з тых самых канцылярыёў, скуль выходзілі прыказы “патронаў не шкадаваць!” — прыказы аб карацельных атрадах і ваенна-палевых судах з разстрэламі і шыбеніцамі… Народ цяпер разумее і тое, што тые людзі, каторые сваей гаспадаркай зруйнавалі ўсё гасударство, не патрапяць вывесці яго з усіх бед, бо не могуць перэменіць сваей душы, сваей “палітыкі”, не захочуць прызнацца, што яны вінаваты ў нешчасцях народных. Ўся іх праца — мёртвая праца — і нікога яна не здаволіць”. У тым жа нумары газэта друкуе паведамленьне з Менску: “Газэта “Русь” пішэ, што ў Мінску соціалісты-рэволюціонэры, соціалдэмократы і бундоўцы разам з беларускаю соціалістычнаю грамадою пастанавілі злучыцца у адну хэўру дзеля выбороў ў Гасударственую Думу. Да іх прылучыліся выборные ад профэсіональных саюзоў. Ад ўсей хэўры будзе выстаўлены агульны спісок кандыдатоў”.