Мікола Астрэйка ў турме шые абутак (абноўлены)

Алег Грузьдзіловіч, Менск Лідэра “Партнэрства” Міколу Астрэйку ў Шклоўскай калёніі наведала маці. Яўгенія Астрэйка распавяла “Свабодзе” пра ўмовы ўтрыманьня яе сына, а таксама падрабязнасьці з турэмнага жыцьця актывіста.
Гэта было першае спатканьне Яўгеніі Астрэйкі з сынам ад таго часу, як Міколу зьмясьцілі ў шклоўскую калёнію. Нагадаю, тыдзень таму Яўгенія Астрэйка ўжо прыяжджала ў шклоўскую калёнію, але тады спатканьня з сынам не атрымала. Сустрэча доўжылася ўсяго гадзіну, расказала Яўгенія Астрэйка. Вось што ёй стала вядома пра ўмовы ўтрыманьня Міколы:

(Астрэйка: ) “Сказаў, што бытавыя ўмовы значна лепшыя за ўмовы ў менскім ізалятары. Што можна мыцца не адзін раз на тыдзень, а часьцей. Праўда, у душавым пакоі холадна, але галоўнае, што ёсьць вада гарачая й ёй можна карыстацца. Яшчэ там ёсьць крамка, у якой можна набыць нейкія харчы. Прыкладам, Мікола набыў сыру. Вельмі хваліў бібліятэку, казаў, што ўжо чытае кнігі зь бібліятэкі. І яшчэ ёсьць царква, якую ён ужо наведваў”.

Паводле Яўгеніі Астрэйкі, яе сына накіравалі працаваць у цэх, дзе шыюць абутак. Жыве ён у бараку разам зь яшчэ 20 вязьнямі. Зь імі ўсімі, сказаў лідэр “Партнэрства”, у яго добрыя дачыненьні. На ціск з боку адміністрацыі калёніі Мікола Астрэйка ня скардзіўся.

Яўгенія Астрэйка перадала сыну падпісныя квіткі на шэраг газэтаў. У турме лідэр “Партнэрства” будзе атрымоўваць “БелГазету”, “Белорусы и рынок” і “Minsk Today”.

Сярод апошніх палітычных падзеяў Яўгенія Астрэйка вызначыла рашэньне кіраўніцтва Эўразьвязу дапоўніць сьпіс неўязных у краіны Эўразьвязу яшчэ чатырма беларускімі судзьдзямі й пракурорамі. У гэты сьпіс трапілі судзьдзя Леанід Ясіновіч і супрацоўнік менскай пракуратуры Аляксандар Мігун, якія прычыніліся да перасьледу актывістаў “Партнэрства”. Вось як жанчына пракамэнтавала забарону для іх езьдзіць у краіны аб’яднанай Эўропы:

(Астрэйка: ) “Ня думаю, што яны часта езьдзяць у Эўропу, але правільна, што гэтак вырашылі, што зноў зьвярнулі ўвагу на гэтую справу. І судзьдзя, і пракурор вельмі жорстка абышліся з нашымі дзецьмі. Я й цяпер перакананая, што мой сын ні ў чым не вінаваты”.

* * * Арганізацыя “Партнэрства” аказвала сацыяльную дапамогу насельніцтву, а напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў плянавала наладзіць незалежнае назіраньне за выбарамі. У лютым чатыры актывісты “Партнэрства” (Мікола Астрэйка, Цімафей Дранчук, Эніра Браніцкая і Аляксандар Шалайка) былі арыштаваныя як падазраваныя ў падрыхтоўцы тэракту.

Празь пяць месяцаў у закрытым судзе маладых людзей асудзілі на розныя тэрміны зьняволеньня за дзеяньні ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Мікола Астрэйка атрымаў найбольшы тэрмін (2 гады), які адбывае ў шклоўскай калёніі. Цімафей Дранчук адбывае год зьняволеньня ў менскай калёніі, Эніра Браніцкая і Аляксандар Шалайка адбылі пад арыштам паўгоду і ўжо вызваліліся.