Доказаў віны Кацярыны Садоўскай суду пакуль не прадстаўлена

Радыё Свабода У судзе Ленінскага раёну Менску пачаўся разгляд крымінальнай справы над праваабаронцай Кацярынай Садоўскай. Яе вінавацяць у пагрозах і зьнявагах судзьдзяў, а таксама ў абразе Аляксандра Лукашэнкі.
Пацярпелай па справе праходзіць судзьдзя Кіраўскага раённага суду (Магілёўская вобласьць) Надзея Чмара. У сваім выступе на паседжаньні Н.Чмара патлумачыла, што атрымлівала лісты з пагрозамі на свой адрас, а таксама што ёсьць запіс з аўтаадказьніка, дзе невядомы мужчынскі голас праклінае і зьневажае яе.

Надзея Чмара таксама паведаміла, яшчэ не вырашыла, ці заяўляць ёй пазоў аб маральнай кампэнсацыі. Яна паведаміла: падазрэньні ў тым, што тым Кацярына Садоўская датычная да пагрозаў грунтуецца на яе, Надзеі Чмары, уласных высновах.

Неадпрэчных доказаў віны К.Садоўскай суду пакуль не прадстаўлена.

У крымінальнай справе фігуруе прозьвішча яшчэ адной судзьдзі Кіраўскага суду – сп.Уліцінай. Паводле матэрыялаў справы, К.Садоўская нібыта зьвінаваціла Уліціну ў тым, што ейны муж незаконна атрымаў званьне вэтэрана Аўганскай вайны.

Адвакат Кацярыны Садоўскай папрасіў суд прызначыць экспэртызу, ці адпавядаюць тэксты пагрозаў асобе Садоўскай.